Магілёўскі абласны суд не задаволіў скаргу Валерыя Вусіка
25 красавіка ў Магілёўскім абласным судзе адбыўся разгляд касацыйнай скаргі жыхара вёскі Лебедзянка Бялыніцкага раёна Валерыя Вусіка на рашэнне суда Бялыніцкага раёна, які пакараў грамадскага актывіста штрафам у памеры 5 000 000 рублёў нібыта за паклёп і за распаўсюд газеты “Магілёўскі Выбар”.
Суддзя Магілёўскага абласнога суда Павел Клімаў, які разглядаў касацыйную скаргу Валерыя Вусіка, прыняў рашэнне пакінуць пастанову суда Бялыніцкага раёна без зменаў, а касацыйную скаргу Валерыя Вусіка без задавальнення.
Першапачаткова паседжанне Магілёўскага абласнога суда па разгляду касацыйнай скаргі Валерыя Вусіка павінна было пачацца ў 9-30 раніцы, аднак было перанесена суддзёй Паўлам Клімавым на 14-30.
Суддзя Павел Клімаў не дазволіў ажыццяўляць аўдыё- і відэазапіс у зале судовага паседжання.
Падчас судовага паседжання Валерый Вусік і яго адвакат Наталля Мяцеліца аргументавана і пераканаўча распавялі свій пункт гледжання на рашэнне суда Бялыніцкага раёна. Яны паставілі пытанне аб адмене пастановы суда Бялыніцкага раёна і прасілі спыніць справу аб адміністрацыйных правапарушэннях па абудвух артыкулах Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях.
Былы старшыня СВК “Лебедзянка” Пётр Бялоў, па заяве якога былі ініцыянаваныя справы аб адміністрацыйных правапарушэннях у адносінах Валерыя Вусіка, у сваім выступе выказаўся пра тое, што лічыць рашэнне суда Бялыніцкага раёна правільным і прасіў пакінуць яго без зменаў. Дарэчы, Пётр Бялоў ужо не працуе старшынёй СВК “Лебедзянка”, 19 красавіка на гэту пасаду абраны іншы чалавек.
Пасля таго, як суддзя Павел Клімаў выслухаў абодва бакі, яму спатрэбілась пяць хвілін для вынясення рашэння аб адмове ў задавальненні скаргі Валерыя Вусіка.
Магілёўскі праваабаронца Барыс Бухель вельмі ўзрушаны рашэннем Магілёўскага абласнога суда:
“ Прызнацца, я спадзяваўся, што абласны суд адменіць рашэнне суда Бялыніцкага раёна і спыніць справу, - кажа Барыс Бухель. – На жаль, суд не прыняў да ўвагі пераканаўчыя выступы адваката і Валерыя Вусіка, тое, што ў судзе Бялыніцкага раёна Вусіку было адмоўлена ў праве на абарону і прадастаўленні адваката, не выкліканыя сведкі ў суд з яго боку, было парушана яго права на свабоду выказвання меркаванняў. Такое ўражанне, што гэтая справа ў абласным судзе ад самага пачатку была кваліфікаваная як палітычная, таму было і адпаведнае стаўленне з боку суддзі, які не прымаў да ўвагі ніякіх доказаў Валерыя Вусіка і яго абаронцы”.
Грамадскі актывіст Валерый Вусік збіраецца і найдалей адстойваць свае правы.
“Я буду і далей змагацца за справядлівасць, пасля атрымання пастановы Магілёўскага абласнога суда буду абскарджваць рашэнне суддзі Паўла Клімава, падам скаргу на імя старшыні суда Магілёўскай вобласці, - кажа Валерый вусік. – Безумоўна, зараз мне вельмі цяжка з маральнага боку, бо я спадзяваўся, што абласны суд разбярэцца ў сітуацыі і адменіць несправядлівую пастанову суда Бялыніцкага раёна. Аднак зламаць мяне не ўдасца, я буду і найдалей адстойваць свае правы”.