Палітвязень Алесь Бяляцкі дзякуе сьпявачцы Ларын за падтрымку
Алесь Бяляцкі даслаў ліст з падзякай пераможцы “Еўрабачаньня-2012” Ларын, якая неаднаразова дэманстравала сваю салідарнасьць са зьняволеным праваабаронцам і яго сям’ёй.
“Дарагая Ларын!
Хачу вельмі падзякаваць за тую маральную падтрымку, якую Вы аказалі мне ў
мінулым годзе падчас наведваньня Менску і ў гэтым годзе падчас міжнароднай
сустрэчы праваабаронцаў у Стакгольме.
Мне вельмі прыемная чыста чалавечая ўвага з Вашага боку да майго лёсу і лёсу
маёй сям’і. Хачу Вам сказаць, што пастаянная падтрымка мяне, маёй жонкі і сына
дазваляе мне прасьцей пераносіць тую складаную сітуацыю, у якой я зараз
знаходжуся. Але ў падтрымцы маюць патрэбу і яны. Таму для мяне была такою
важнаю Вашая сустрэча з маёй жонкаю Наталяй. Сваёй увагаю і адкрытай пазіцыяй
да правоў чалавека Вы ламаеце стэрэатып эстраднай сьпявачкі, які склаўся ў нас
у лепшы бок. Я таксама люблю ламаць стэрэатыпы, і тут мы з вамі сходныя. Цэлы год
час ад часу па мясцовым радыё перадавалі Вашую песьню. І кожны раз я атрымліваў
ад Вас часьцінку Вашай энэргіі.
Бязьмежна ўдзячны,
з павагаю,
Алесь Бяляцкі”
На фота: Ларын і Натальля Пінчук падчас сустрэчы ў Менску 13 ліпеня 2012 г.
Нагадаем, што Ларын, пераможца песеннага конкурсу “Еўрабачаньне-2012”, падчас візіту ў Беларусь у ліпені 2012 году сустракалася з Натальляй Пінчук, жонкай палітвязьня Алеся Бяляцкага. А сёлета падчас выступу ў межах Дзён праваабаронцаў, якія ладзіла арганізацыя Civil Rights Defenders на пачатку красавіка ў Стакгольме, Ларын са сцэны перадала прывітаньне беларускаму палітвязьню. Старшыня ПЦ “Вясна” і віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) быў затрыманы 4 жніўня 2011 г. і па палітычна матываванай справе прысуджаны да 4,5 гадоў калоніі за сваю праваабарончую дзейнасьць.