Слонім: старшыня райсавета не дапусціў журналіста да вяскоўцаў
Вёска Пасінічы Слонімскага раёна належыць да Азгінавіцкага сельсавета, а цяпер раённае начальства хоча далучыць яе да Азярніцкага. З Пасініч да Азгінавіч можна было дабрацца пешшу ці на ровары, а сама кантора сельсавета знаходзіцца каля трох кіламетраў ад вёскі. А вось калі Пасінічы далучаць да Азярніцкага сельсавета – ім прыйдзецца да канторы дабірацца ажно 17 кіламетраў. Людзі, а гэта ў асноўным пенсіянеры, забілі трывогу і выйшлі на вуліцу, патрабуючы пакінуць іх на тэрыторыі ранейшага сельскага Савета. Яны выклікалі з “Газеты Слонімскай” журналіста і папрасілі, каб ён праз газету ім дапамог, а таксама начальства са Слонімскага райвыканкама. На сустрэчу на прызначаны дзень і час прыехаў журналіст газеты Уладзімір Шумель. А праз пэўны час з’явіўся “на разборку” і старшыня Слонімскага раённага Савета дэпутатаў Сяргей Рагозік. Ён прыехаў на “Волзе” і калі выйшаў з машыны, адразу паставіў умовы, каб журналіст “Газеты Слонімскай” пакінуў месца сустрэчы, бо ён тады не будзе “разбірацца ў сітуацыі”. Журналіст пакінуў сход вяскоўцаў, але спадар Рагозік так і не вырашыў праблему жыхароў вёскі Пасінічы. У вясковы сельсавет па розных справах ім прыйдзецца дабірацца за 17 кіламетраў.