У Віцебску забаранілі дзве акцыі да ўгодкаў аварыі ў Чарнобылі
Усяго падаваліся 3 заяўкі. Актывісты атрымалі 2 адмовы, а па трэцяй заяве няма нават адказу, хаця яго мусілі даць не пазней як за 5 дзён да меркаванай акцыі.
Мітынг, прысвечаны памяці Чарнобыльскай трагедыі, збіраўся арганізаваць кіраўнік абласной структуры Руху "За Свабоду" Хрыстафор Жаляпаў. Імпрэзу ў Парку імя 30-годдзя ВЛКСМ забараніла правесці Першамайская раённая адміністрацыя. Афіцыйная прычына – адсутнасць дамоваў з медыкамі і міліцыяй на абслугоўванне акцыі. Дамову ўдалося заключыць толькі з камунальнікамі, астатнія адказныя структуры праігнаравалі зварот дэмакратычных актывістаў.
Такім чынам, арганізатары акцыі зноў паўствалі перад праблемай невыканальнага рашэння Віцебскага гарвыканкаму № 881. Бо яно вымагае ад арганізатараў масавых мерапрыемстваў перад падачай заявак заключаць дамовы на абслугоўванне з медыкамі, камунальнікамі і міліцыяй, але ад супрацоўніцтва згаданыя структуры адмаўляюцца.
Спробы змусіць іх да заключэнняў дамоваў праз суд таксама нічога не далі: паводле нядаўняга рашэння Кастрычніцкага райсуду, установы маюць поўнае права адмовіць актывістам у заключэнні дамоваў. 22 красавіка гэтае рашэнне райсуду пакінуў у сіле Віцебскі абласны суд…
Паводле тае самае прычыны атрымаў адмову ад Чыгуначнай раённай адміністрацыі і кіраўнік абласной арганізацыі Партыі БНФ Леанід Аўтухоў. Ён падаваў заяўку на правядзенне мітынга да 27-х угодкаў аварыі на Чарнобыльскай АЭС у Парку культуры і адпачынку чыгуначнікаў.
"На сваёй старонцы ў Фэйсбуку я напісаў, што ад імя прадстаўніцтва партыі пададзена заяўка на мітынг. Я нікуды нікога не заклікаў і не запрашаў, проста паведаміў пра гэты факт. І ўжо адчуваю, што будуць наступствы: на 24 красавіка мяне запрасілі ў Кастрычніцкі РАУС "на допыт" – так напісана ў позве. Мяркую, што мой паход туды можа скончыцца прэвентыўным затрыманнем, -- распавёў Леанід Аўтухоў.
За некалькі дзён да атрымання позвы яму патэлефанавалі з міліцыі і папрасілі прыйсці, каб высветліць пытанні пра парушэнне заканадаўства аб СМІ. Спадар Аўтухоў без позвы ісці адмовіўся. Цяпер позва ўжо ёсць, і ён мяркуе, што гаворка ў міліцыі пойдзе пра падзеі 22 сакавіка. Тады іх з аднапартыйцам Кастусём Смолікавым затрымалі ў гандлёвым цэнтры "Эвіком" падчас раздачы партыйнага бюлетэня "Магістрат". У бюлетэні быў артыкул пра святкаванне Дня Волі ў Віцебску. Смолікава і Аўтухова абвінавацілі ў тым, што яны запрашаюць людзей на забароненую ўладамі акцыю ды пакаралі арыштам на 5 сутак кожнага.
"У той дзень я ўвогуле нічога не ведаў пра забарону ўладаў, бо ніякага адказу на сваю заяўка пра правядзенне акцыі яшчэ не атрымаў… Мы адседзелі "суткі" нібыта за парушэнне заканадаўства аб масавых акцыях. А цяпер, мусіць, міліцыянты лічаць, што мы нейкім чынам парушылі заканадаўства аб СМІ," – працягвае спадар Аўтухоў.
Пунктуальнасцю ў зносінах з дэмакратычнымі актывістамі не вызначаюцца і работнікі Кастрычніцкай раённай адміністрацыі. Адказу ад уладаў ад чыноўнікаў наконт заяўленага "чарнобыльскага" мітынгу ў парку Мазурына дагэтуль не атрымаў сябар КХП БНФ Ян Дзяржаўцаў.