viasna on patreon

Леанід Судаленка дамагаецца кампенсацыі маральнай шкоды з-за невыканання рашэння Камітэта ААН

2013 2013-04-18T18:36:05+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sudalenka-gomel-11.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Л. Судаленка ў Еўрапейскім судзе па правах чалавека. Страсбург

Л. Судаленка ў Еўрапейскім судзе па правах чалавека. Страсбург

Праваабаронца Леанід Судаленка падаў у суд Цэнтральнага раёна Гомеля пазоў да казны (Міністэрства фінансаў) аб кампенсацыі маральнай шкоды з-за невыканання ўладамі рашэння Камітэта па правах чалавека ААН. Маральную шкоду ён ацэньвае ў памеры заробку дэпутата парламента за чатыры гады паўнамоцтваў.

У час выбараў дэпутатаў ПП НС у 2004 годзе праваабаронца не быў зарэгістраваны як кандыдат у дэпутаты, хоць і сабраў неабходную колькасць подпісаў выбаршчыкаў. Акруговая выбарчая камісія і ЦВК палічылі, што юрыст няправільна ўказаў сваё месца працы. Вярхоўны суд стаў на бок ЦВК, пасля чаго Леанід Судаленка накіраваў скаргу ў Камітэт па правах чалавека ААН.

У 2010 годзе Камітэт прыйшоў да высновы, што ў дачыненні да аўтара скаргі дапушчаны парушэнні яго правоў прымаць удзел у вядзенні дзяржаўных спраў шляхам абрання на выбарах. Таксама Камітэт вырашыў, што ў дадзеным выпадку была прыменена  дыскрымінацыя па палітычных матывах. Камітэт абавязаў Беларусь даць аўтару эфектыўны сродак прававой абароны, а таксама разглядаць любыя будучыя хадайніцтвы аб яго вылучэнні кандыдатам у дэпутаты пры поўным выкананні палажэнняў Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Леанід Судаленка лічыць, што прыйшоў час патрабаваць ад дзяржавы выканання рашэнняў КПЧ у дачыненні да Беларусі, у якіх устаноўлены тыя ці іншыя парушэнні правоў беларускіх грамадзян.

«Беларускія чыноўнікі лічаць, што рашэнні Камітэту ААН не абавязковыя да выканання, але гэта не так. Цяжка прадбачыць, як да зыску паставіцца суд. У любым выпадку, рана ці позна ўсе гэтыя рашэнні ў дачыненні да беларускіх грамадзян будуць выкананыя, таму некаму трэба ўжо сёння пачынаць працу», - пракаментаваў праваабаронца.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства