Крымінальнай справы супраць Валера Булгакава не будзе
Экс-рэдактару часопіса "ARCHE-Пачатак" прыйшоў афіцыйны адказ на яго запыт ва Упраўленне Дэпартамента фінансавых расследаванняў (УДФР) па Мінскай вобл. і г. Мінску.
Намеснік кіраўніка УДФР Бацэвічус піша, што “па выніках праверкі, праведзенай УДФР КДК РБ па Мінскай вобласці і г. Мінску, ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па арт. 243 КК РБ у дачыненні да Вас... адмоўлена”.
У пасланні Валеру Булгакаву таксама прапануюць з’явіцца ва УДФР па Мінскай вобл. і г. Мінску “для вырашэння лёсу выданняў”, якія яму належаць.
Аналагічны ліст сп. Бацэвічус адрасаваў ТАА “Інбелкульт” (былы выдавец часопіса, ад імя якога таксама быў зроблены запыт). Абедзьве паперы датаваная 9-м красавіка.
Запыты ва УДФР былі накіраваныя пасля з'яўлення інфармацыі пра адмову ўзбуджаць крымінальную справу па выніках праверкі ўстановы “Рэдакцыя часопіса “Архэ-Пачатак”": прадстаўнікі рэдакцыі хацелі атрымаць афіцыйныя дакументы на гэты конт.