viasna on patreon

Грамадскія слуханні па-магілёўску: спачатку знесці, потым абмеркаваць

2013 2013-04-11T16:03:40+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/magileu-hlebazavod.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Стары хлебазавод у Магілёве

Стары хлебазавод у Магілёве

У Магілёве абвешчаныя чарговыя “грамадскія слуханні”. Жыхарам горада прапануецца абмеркаваць праект будаўніцтва жылога комплексу ў цэнтры Магілёва на месцы былога хлебзавода па вуліцы Левая Дубравенка.

Адметнасць “грамадскіх слуханняў” заключаецца ў тым, што ў магілёўцаў ніхто не пытаў дазволу на знос дарэвалюцыйнага будынка хлебзавода, а вось будаўніцтва новых дамоў на ягоным месцы вырашылі абмеркаваць публічна.

Сітуацыю каментуе старшыня Магілёўскага абласнога таварыства аховы помнікаў Уладзімір Краўчанка: “Мінулым летам будынак хлебзавода вырашылі знішчыць. Зрабілі гэта настолькі хутка, што мы з гэтай нагоды паспелі зрабіць толькі адну публікацыю ў СМІ. Будынак меў для гораду гістарычную каштоўнасць, бо дарэвалюцыйных заводаў у нас фактычна не засталося. Па нейкай недарэчнасці будынак не быў аднесены да гісторыка-культурнай каштоўнасці і не быў пад аховаю дзяржавы”.

Гісторык і праваабаронца адзначае, што зносіць гістарычны будынак не было неабходнасці – ён не быў аварыйным і меў даволі прыстойны выгляд.

“Год трыццаць назад быў надбудаваны трэці паверх. Гэта сведчыць пра тое, што фундамент будынка быў добрым і трывалым. Замест зносу можна было зрабіць рамонт і здаваць памяшканні пад офісы розным фірмам, альбо выкарыстоўваць яго пад склады, аднак нашыя чыноўнікі-вандалы вырашылі яго пусціць пад нож, каб на яго месцы пабудаваць шэраговы жыллёвы комплекс”, - гаворыць Уладзімір Краўчанка.

Сябра Прэзідыўма БСДП (Грамады) Ігар Барысаў кажа, што днямі ў Магілёве распачаўся збор подпісаў за ўвядзенне Закона “Аб грамадскіх слуханнях”, бо без гэтага закону інтарэсы грамадзян будуць па-ранейшаму не ўлічвацца, а гістарычная спадчына- надалей знішчацца.

Ігар Барысаў кажа, што збор подпісаў пад законам “Аб грамадскіх слуханнях” будзе працягвацца каля месяца, пасля чаго подпісы будуць  высланы дэпутатам парламента ад Магілёва, каб яны заняліся яго дэтальнай распрацоўкай і прыняццем.  З напрацоўкамі актывістаў БСДП (Грамады) можна азнаёміцца  на сайце газеты “НАШ Магілёў”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства