“Беларусь — гэта тая ж Албанія, толькі без дэмакратыі!”
Што думаюць пра Беларусь замежныя
праваабаронцы і як прэсуюць грамадскіх актывістаў у іншых краінах?
“У Чачні сітуацыя з правамі чалавека набліжаецца да беларускай. Але ў нас
пакуль што не В’етнам!” — здзіўляе карэспандэнта Еўрарадыё супрацоўніца
праваабарончага цэнтра “Мемориал” Лібкан Базаева.
У вачах праваабаронцаў з усяго свету Беларусь выглядае сапраўдным пеклам. Асабліва пасля таго як у беларускай турме апынуўся віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Алесь Бяляцкі. Еўрарадыё вырашыла даведацца, як прэсуюць праваабаронцаў у іншых краінах свету.
В’етнамская журналістка і блогерка Пам Дун Тран (Pham Doan Trang) распавядае, што на яе радзіме колькасць палітвязняў вымяраецца сотнямі. Чалавека, які крытыкуе ўрад, могуць схапіць па даносе суседзяў.
Пам Дун Тран: “Яшчэ адзін спосаб націснуць на дысідэнта — зрабіць яго ўдзельнікам ДТЗ. Гэтая сітуацыя сама па сабе непрыемная, гэта ціск. Але аварыя — гэта таксама і нагода забраць чалавека ў паліцэйскі ўчастак. А там можа адбыцца ўсё, што заўгодна. Два гады таму адна з праваабаронцаў згубіла ў такой сітуацыі 7 зубоў”.
Албанец Дарыян Мацілія кажа, што, каб напалохаць журналіста, не трэба выбіваць яму зубы.
Дарыян Мацілія: “Нашы ўлады практыкуюць дробны, але рэгулярны ўціск. Калі гэта не працуе, іх зневажаюць, пачынаецца кампанія па знішчэнні публічнага іміджу чалавека. Звычайна гэтага дастаткова, каб пачала працаваць самацэнзура…”
Кампаніі па руйнаванні рэпутацыі праходзяць не толькі ў медыях, падкантрольных дзяржаве, але і ў інтэрнэце. Паводле слоў Пам Дун Тран, нешта падобнае адбываецца і ў В’етнаме, на палітычны клімат якога моцна ўплывае Кітай.
Пам Дун Тран: “На сайтах навінаў і ў сацыяльных сетках створаная процьма фэйкавых акаўнтаў. Тых, хто лагініцца пад імі, называюць “каментатары за 50 цэнтаў” (50 cent commentators) і “менеджары плётак” (rumor managers). Паводле нашых падлікаў, каментаваннем на карысць станоўчага іміджу Камуністычнай партыі і дыскрэдытацыяй людзей, якія крытыкуюць КПК у інтэрнэце, займаецца не менш за 900 чалавек”.
Немалая кібер-армія працуе і на ўрад Эфіопіі.
“Ва ўніверсітэтах блакуюцца старонкі праваабарончых арганізацый і недзяржаўных выданняў. Аднойчы 1 тысяча 400 чалавек напісалі abuse reports у службу падтрымкі Facebook, і тая, не разабраўшыся, выдаліла старонку, на якой вялася трансляцыя з апазіцыйнай акцыі”, — распавядае грамадскі актывіст з Эфіопіі Тэодрас Ялью (Tewodros Yalew).
Косаўскія ўлады ціснуць рублём. А дакладней, еўра. Уплыў дзяржаўных чыноўнікаў на працадаўцаў і прафсаюзы вельмі вялікі, распавядаюць праваабаронцы з Косава.
“Калі твой бацька працуе на дзяржаўным прадпрыемстве, табе лепш не казаць нічога “недазволенага”. У нас жа вельмі маленькая краіна!”
Самы нечаканы від ціску, пра які давялося пачуць карэспандэнту Еўрарадыё, існуе ўсё ж у Албаніі. Калі грамадскі актывіст пачынае казаць лішняга, камуністычныя ўлады краіны публічна абвяшчаюць яго… камуністам! Арганізацыя, якую прадстаўляе такі “камуніст”, можа страціць замежнае фінансаванне і, у выніку, спыніць сваю дзейнасць.
“Беларусь — гэта тая ж Албанія, толькі без дэмакратыі!” — чамусьці параўноўвае нашы краіны албанская праваабаронца Васіліка Лачы. Ці ёсць у Албаніі дэмакратыя — пытанне спрэчнае. Але ў тым, што глеба для параўнання Беларусі з Албаніяй, Косава, Эфіопіяй, Кітаем і нават В’етнамам ёсць, — гэта, на жаль, бясспрэчна.