viasna on patreon

БАЖ заклікае КДБ адклікаць з суда заяву аб прызнанні "Прэс-фота Беларусі — 2011" экстрэмісцкім

2013 2013-04-10T20:40:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/baj-logo.jpg

Грамадскае аб'яднанне "Беларуская асацыяцыя журналістаў" (БАЖ) заклікае начальніка ўпраўлення КДБ па Гродзенскай вобласці Івана Каржа адклікаць з суда заяву аб прызнанні экстрэмісцкім фотаальбома "Прэс-фота Беларусі — 2011". Адпаведны адкрыты зварот прыняты праўленнем БАЖ 10 красавіка.

"Мы мяркуем, што сам факт судовага разгляду пытання пра "экстрэмізм" у фотаздымках з'яўляецца абсурдным, — гаворыцца ў звароце. — Фотаздымкі гэтага альбома не ўтрымліваюць заклікаў да экстрэмісцкай дзейнасці і не прапагандуюць яе. Фотаздымкі не ствараюць, а толькі ілюструюць рэальнасць. Яны па азначэнні не могуць "утрымліваць свядома скажоных, не адпаведных рэчаіснасці домыслаў пра жыццядзейнасць Рэспублікі Беларусь".

БАЖ падкрэслівае, што прэтэнзіі экспертнай камісіі да падборкі матэрыялаў фотаальбома сведчаць "аб прадузятых адносінах саміх экспертаў, а не стваральнікаў альбома".

У звароце таксама падкрэсліваецца, што фотаальбом "Прэс-фота Беларусі — 2011" свабодна прадаваўся ў Беларусі, а фотаздымкі з яго публікаваліся ў беларускіх перыядычных выданнях і на стужках інфармацыйных агенцтваў — як недзяржаўных, гэтак і дзяржаўных, бо пераможцамі конкурсу з'яўляліся журналісты розных СМІ. Яны спаборнічалі ў розных намінацыях, сярод якіх "Навіны", "Паўсядзённае жыццё", "Традыцыі", "Рэпартажны партрэт", "Спорт", "Прырода".

"Якім чынам сукупнасць тэматычна рознабаковых фотаздымкаў можа прывесці да высновы пра іх "экстрэмісцкую" скіраванасць? Хутчэй за ўсё, суд па такой абсурднай справе, а не змест альбома, здольны "падарваць давер да органаў улады з боку замежных дзяржаў, замежных ці міжнародных арганізацый", — гаворыцца ў звароце.

Нагадаем, 41 асобнік альбома "Прэс-фота Беларусі — 2011" быў канфіскаваны ў фатографаў Юліі Дарашкевіч і Аляксандра Васюковіча 2 лістапада 2012 года на прыгранічным пераходзе "Каменны Лог" (мяжа з Літвой).  Пазней Ашмянскае аддзяленне мытні праінфармавала Васюковіча, што гэтая друкаваная прадукцыя "на аснове вынікаў правядзення мытнай экспертызы прызнаецца незаконнай (не адпавядае Дзяржстандарту РБ СТБ 7.4-2009 "Выданні. Выходныя звесткі") і падлягае знішчэнню". А 19 студзеня ў тэлефоннай гутарцы з прадстаўнікамі БАЖ супрацоўнікі Ашмянскай мытні паведамілі, што асобнікі альбомаў былі перададзеныя ў КДБ.

На 17 красавіка Юлія Дарашкевіч выклікана ў суд Ашмянскага раёна ў якасці "зацікаўленай асобы", як суарганізатар штогадовага конкурсу "Прэс-фота Беларусі", па выніках якога выдаецца аднайменны фотаальбом. Разам з позвай яна атрымала копію заявы, якую УКДБ па Гродзенскай вобласці адправіла ў суд.

З заявы вынікае, што фотаальбом прызнаны экстрэмісцкім на падставе экспертнай ацэнкі. У якасці экспертаў выступілі начальнік упраўлення ідэалагічнай працы Гродзенскага аблвыканкама Павел Скрабко і тры выкладчыкі Гродзенскага дзяржуніверсітэта імя Янкі Купалы — Вадзім Хілюта, Аксана Шульга і Аляксандр Бондар. Яны прыйшлі да высновы, што ў фотаальбоме "ўтрымліваюцца наўмысна скажоныя, не адпаведныя сапраўднасці вымыслы аб жыццядзейнасці Рэспублікі Беларусь у палітычнай, эканамічнай, сацыяльнай і іншых сферах, якія прыніжаюць нацыянальныя гонар і годнасць грамадзян Рэспублікі Беларусь".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства