Палітоляга Валера Карбалевіча затрымалі ля амбасады
Міліцыянты затрымалі аўтара Радыё
Свабода, палітоляга Валера Карбалевіча, які накіроўваўся на сустрэчу ў нямецкую
амбасаду. У яго не аказалася дакумэнтаў, таму
міліцыянты-ахоўнікі выклікалі нарад міліцыі.
Нямецкія дыпляматы, якія выйшлі на вуліцу да міліцыянтаў, спрабавалі
высьветліць, чаму госьця амбасадара Нямеччыны затрымалі
і ён ня можа прайсьці ў будынак амбасады. Адзін
з дыпляматаў сказаў, што ахоўнікі парадку «ствараюць праблему
на пустым месцы і што Карбалевіч вядомы ўсім і без дакумэнтаў».
Пасьля гэтага тэлефонная сувязь з Валерам Карбалевічам абарвалася.
Раней апазыцыйныя палітыкі сутыкаліся з тым, што на ўваходзе
ў амбасады ЗША, Нямеччыны і Вялікабрытаніі міліцыянты перапісвалі
іх пашпартныя дадзеныя.
Старшыня АГП Анатоль Лябедзька назваў гэта «палітычнай дактыляскапіяй», калі
двойчы на ўваходзе ў амбасаду ЗША міліцыянты перапісалі яго
пашпартныя дадзеныя. Ён заявіў, што міліцыя пачала складаць сьпісы
наведнікаў заходніх амбасадаў. Міліцыянты спасылаліся на тое, што паводле
інструкцыі яны нікога ня могуць пусьціць у будынак без дакумэнтаў.