Жыхарка Шклова дамагаеца кампенсацыі выдаткаў за паслугі адваката
Днямі Іна Хамрыцялёва накіравала наглядную скаргу ў Магілёўскі абласны суд.
Жанчына аспрэчвае рашэнне суда Шклоўскага раёна Магілёўскай вобласці, а таксама вызначэнне калегіі па грамадзянскіх справах Магілёўскага абласнога суда. Яна таксама хоча спагнаць з адказчыка панесеныя ёй судовыя выдаткі на адваката ў памеры 900 тысяч рублёў, а таксама 90 тысяч рублёў дзяржаўнай пошліны.
Нагадаем, што пастановай суддзі суда Шклоўскага раёна Сільвестравай былі спынены адміністрацыйныя працэсы па справе аб адміністрацыйных правапарушэннях па артыкулу 23.4 КоАП у дачыненні да жанчыны, а таксама яе маці Серафімы Якаўлевай праз адсутнасць у іх дзеяннях складу адміністрацыйнага правапарушэння.
У раённым судзе жанчына скарысталася сваім канстытуцыйным правам на адваката і заплаціла яму за працу грошы. Суд яе апраўдаў і прызнаў дзеянні супрацоўнікаў міліцыі незаконнымі і неабгрунтаванымі, аднак у кампенсацыі выдаткаў з міліцыянта судом было адмоўлена.
Праваабаронца Барыс Бухель кажа, што жанчыне не кампенсавалі выдаткі на адваката, бо такая норма не прапісана ў самім КаАП.
“У гэтым выпадку суддзя мусіла скарыстацца паняццем аналогіі права і паглядзець, як адбываецца кампенсацыя выдаткаў у выніку апраўдання ў іншых існуючых Кодэксах, напрыклад, у Крымінальна-працэсуальным і Грамадзянска-працэсуальным кодэксах. Аднак гэтага яна не зрабіла. Яе спасылка на тое, што нельга ўжываць аналогію права ў адміністрацыйным працэсе, у дадзеным выпадку абвяргаецца арт. 72 ч.3 “Ліквідацыя і пераадольванне прабелаў” Закона “Аб нарматыўна-прававых актах””, - гаворыць Барыс Бухель.
Нагадаем, што незаконныя адміністрацыйныя справы на маці і дачку былі заведзены 29 жніўня 2012 года. Яны сталі вынікам бытавой спрэчкі паміж суседзямі за мяжу паміж іхнымі ўчасткамі. Добра знаёмы суседцы міліцыянт вырашыў дапамагчы "разабрацца" з Серафімай Якаўлевай і Інай Хамрыцялёвай. Ён прыехаў да іх, крычаў, а потым спрабаваў незаконна сілаю загрузіць жанчын у аўтамабіль. Але гэта ў яго зрабіць не атрымалася - ён нарабіў ім толькі сінякоў. За непадпарадкаванне міліцыянт склаў на іх пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні.