У Брэсце распачалі збор подпісаў, каб дамагчыся празрыстасці ў пытаннях бюджэту
У адмысловым звароце да гарадскіх уладаў жыхары Брэста прапануюць, каб бюджэты ўсіх узроўняў былі змешчаны ў друку і Інтэрнэце, а справаздачы па выканнні мясцовага бюджэту праходзілі праз працэдуру грамадскага абмеркавання.
Як паведаміў адзін з ініцыятараў збору подпісаў Уладзімр Вуек, нагодай для звароту стала тое, што мясцовыя ўлады ігнаруюць законныя патрабаванні ў справе галоснасці наконт зацверджаных паказчыкаў бюджэту гораду. “На жаль, лічбы, прапісаныя ў гарадскім бюджэце, на сённяшні дзень чамусці з’яўляюцца закрытай інфармацыяй для жыхароў Брэста, - сцвярджае Вуек. – Мы дамагаемся, каб падобныя дакументы, як мясцовага, так і рэспубліканскага ўзроўню, былі даступнымі для звычайных грамадзян. Бо яны маюць права ведаць, куды і навошта ідуць іх падаткі і якім чынам размяркоўваюцца бюджэтныя сродкі”.
Па словах Вуека, пад зваротам плануецца сабраць некалькі тысяч подпісаў, пасля чаго яны будуць накіраваны ў Брэсцкі гарвыканкам і гарадскі савет дэпутатаў.