viasna on patreon

Ігар Кузьмініч: Хутка пачуем пра шмат выпадкаў, калі ціснуць на выкладчыкаў

2013 2013-04-02T17:43:46+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kuzminich.jpg
Ігар Кузьмініч. Фота: svaboda.org

Ігар Кузьмініч. Фота: svaboda.org

Былы выкладчык тэорыі права з Гродзенскага дзяржуніверсітэта расказвае пра прычыны звальнення з-за… казак у блогу.  

Еўрарадыё: Чаму вы ўсё ж звольніліся з універсітэта самі?

Ігар Кузьмініч: Яшчэ ўвосень са мной размаўлялі, каб я напісаў заяву аб сыходзе. Пазней мой заробак упаў да двух з нечым мільёнаў. Ён скараціўся амаль у два разы. Любы грамадзянін Беларусі павінен мець магчымасць свабодна выказваць свае меркаванні, нават калі яны разыходзяцца з іншымі. А ў навуковым асяроддзі гэта проста абавязак навукоўца — выказваць новыя, іншыя, адрозныя меркаванні. Я не згодны з ціскам, які аказваецца на выкладчыкаў. На мяне, на іншых.

Еўрарадыё: Што канкрэтна не падабалася кіраўніцтву ўніверсітэта?

Ігар Кузьмініч: Не спадабалася, што я напісаў і выставіў у блогу дзве казкі: як з’явіўся бел-чырвона-белы сцяг і казку пра "Пагоню". Калі па шчырасці — гэта дзіцячыя казкі. Ды і ўсе іншыя матэрыялы, якія мне ставіліся ў віну, не нясуць ніякай палітычнай падаплёкі. Напрыклад, каго можна лічыць беларускім пісьменнікам? Я выказаў сваё меркаванне.

Еўрарадыё: Спачатку з Гродзенскага ўніверсітэта звольнілі гісторыка Андрэя Чарнякевіча, зараз сыходзіце вы….

Ігар Кузьмініч: Верагодней за ўсё, кіраўніцтва ўніверсітэта тут ні пры чым. І я, і Чарнякевіч прапрацавалі амаль 20 гадоў. Мы не хавалі сваіх поглядаў. Гэта не было так, што мы расказвалі адно студэнтам, а потым у інтэрнеце пісалі нешта іншае. Я і выкладаў па-беларуску. Усё пачалося вельмі раптоўна. У пачатку вясны 2012 года ў мяне былі выдатныя адносіны з адміністрацыяй. І тая ж адміністрацыя выклікала мяне напрыканцы вясны. А ўвосень мяне папрасілі звольніцца. Ціск пачаўся ў час выбарчай кампаніі. Не думаю, што ўніверсітэт сам бы адважыўся на такія крокі.

Еўрарадыё: Можа, на каго яшчэ цісне адміністрацыя ўніверсітэта?

Ігар Кузьмініч: Мы пачуем хутка пра шмат выпадкаў, калі ціснуць на выкладчыкаў. Я ведаю ўжо зараз некалькі такіх выпадкаў. Дарэчы, гэта не звязана толькі з выхадам кнігі “Гродназнаўства”. Усё гэта значна шырэй.

Еўрарадыё: Чым вы зараз плануеце займацца? Можа, ёсць ужо прапановы па працы?

Ігар Кузьмініч: Прапаноў няма. Напэўна, вольны час мне адведзены, каб я давёў да ладу сваю дысертацыю. Праўда, тут я ўжо абараніцца не змагу. Але гэта іншае пытанне.

Нагадаем, першым з Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта звольнілі гісторыка Андрэя Чарнякевіча — аднаго з аўтараў падручніка “Гродназнаўства”, які быў выдадзены ў Польшчы. Пазней кіраўнік Гродзенскага аблвыканкаму Сямён Шапіра прызнаў, што “прымаў такое рашэнне асабіста”. Потым быў прызначаны новы рэктар — Андрэй Кароль. А 1 красавіка стала вядома, што Рада Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта не абрала доктара гістарычных навук Вячаслава Шведа на пасаду прафесара па конкурсе.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства