viasna on patreon

Канадскі літаратар Норман дэ Бэльфёй «парадніўся» з Алесем Бяляцкім

2013 2013-03-29T02:02:46+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/normand-bellefeuille.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Норман дэ Бэльфёй (Normand de Bellefeuille). Фота: François Roy, La Presse

Норман дэ Бэльфёй (Normand de Bellefeuille). Фота: François Roy, La Presse

Палітвязень у гэтым месяцы атрымаў пасланне з канадскай правінцыі Квебек. Вядомы прадстаўнік сучаснай франкаканадскай літаратуры Норман дэ Бэльфёй (Normand de Bellefeuille) перадаў Алесю Бяляцкаму свой паэтычны зборнік "Мой шум" (Mon Bruit) з аўтарскім прысвячэннем.

У прысвячэнні Норман дэ Бэльфёй звяртаецца да Алеся Бяляцкага як да калегі-літаратара:

"Алесю, сябру невядомаму, далёкаму і ўсё ж такому блізкаму.

Бывае, што нават у тых, хто, як лічыцца, валодае імі як майстэрствам, раптам не хапае слоў, яны ўслізваюць, вырываюцца ... Тады застаецца толькі адно - проста засведчыць свае пачуцці і бясконцую салідарнасць. Занадта шмат пісьменнікаў у нашыя дні забываюць, што яны павінны б быць таксама - а магчыма і ў першую чаргу - грамадзянамі, у поўным сэнсе гэтага слова, а значыць - залучанымі, празорлівымі і "неадсутнымі", бачнымі ў грамадскай прасторы. ВЫ гэта зразумелі ... і зараз ВЫ плаціце за гэта.
Мае думкі, мая салідарнасць і брацкія да Вас пачуцці ідуць услед за Вамі ў Вашых выпрабаваннях!

Норман дэ Бэльфёй,
сябра
невядомы і ўсё ж ЗУСІМ БЛІЗКІ"


Сп. дэ Бэльфёй пазнаёміўся з Алесем Бяляцкім завочна – праз удзел у акцыі "Кнігі як паветра", якая праходзіла на Міжнароднай выставе-кірмашы "Кніжны салон у Манрэалі". Арганізатарамі гэтай акцыі салідарнасці з пісьменнікамі-вязнямі выступілі канадскае аддзяленне праваабарончай арганізацыі Amnesty International, квебекскі ПЭН-цэнтр і Саюз пісьменнікаў і пісьменніц Квебека (UNEQ). Падчас мерапрыемства (праходзіла яно 15 лістапада - у Міжнародны дзень пісьменніка ў зняволенні) франкаканадскія літаратары публічна зачытвалі прысвячэнні сваім зняволеным калегам з розных краінаў свету.

Пра гэта Алесю Бяляцкаму ў суправаджальным лісце распавяла Ан Сант-Мары (Anne Sainte-Marie), супрацоўніца аддзялення Amnesty International з Манрэаля. Яна піша:

"Гэтая акцыя <...> парадніла пісьменнікаў Квебека з пісьменнікамі, пазбаўленымі свабоды выказвання ва ўсім свеце.
Акцыя "Кнігі як паветра" дазволіла
Amnesty International прыцягнуць увагу шырокай публікі да праблемаў з правамі чалавека ў свеце. Гэты праект, праз збор подпісаў пад петыцыямі, звернутымі да непаважаючых правы чалавека кіраўнікоў урадаў, дае масам магчымасць уключыцца па меры сваіх сіл у акцыі ўздзеяння на такія краіны".

Як паведамляе Ан Сант-Мары, у рамках акцыі пад петыцыяй, якая патрабуе выканання правоў чалавека ў Беларусі, было сабрана больш за 600 подпісаў. Петыцыя перададзена Амбасадару Беларусі ў Канадзе.

"Мы спадзяемся, што гэты ліст знойдзе Вас у добрым здароўі, што гэты праект дапаможа Вам і што гэты сімвал надасць Вам мужнасці і надзеі" - з такімі словамі ў завяршэнне звяртаецца да Алеся Бяляцкага прадстаўніца Amnesty International.

Алесь Бяляцкі, у сваю чаргу, перадае падзяку камандзе Amnesty International. Ён піша, што атрымлівае ўсе лісты і паштоўкі салідарнасці ў рамках акцый гэтай арганізацыі, якія змякчаюць шэрасць яго будняў у сценах калоніі.

ПЦ "Вясна" дзякуе Сашы Кулаевай (FIDH) за пераклад з французскай.

Аўтарскае прысвячэнне Алесю Бяляцкаму
Ліст Алесю Бяляцкаму з аддзялення Amnesty International з Манрэаля

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства