viasna on patreon

Прадстаўнікі беларускіх НДА заклікаюць расійскія ўлады спыніць пераслед праваабаронцаў

2013 2013-03-28T17:24:35+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/asamblejanda.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў Беларусі

Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў Беларусі

Прадстаўнікі беларускіх няўрадавых арганізацый выступілі з заявай з нагоды перасьледу некамерцыйных арганізацый і праваабаронцаў у Расійскай Фэдэрацыі.

У заяве лідэры грамадзянскай супольнасьці заклікалі ўлады суседняй краіны спыніць кампанію перасьледу расейскіх НДА, а таксама не пераймаць досьвед беларускіх уладаў па разбурэньні інфраструктуры грамадзянскай супольнасьці, што ў нашай краіне прывяло да ўзмацненьня аўтарытарызму. Падпісанты спрабавалі перадаць заяву ў Амбасаду Расеі, але там адмовіліся прымаць ліст, спаслаўшыся на адсутнасьць такой працэдуры. Дакумэнт быў высланы па пошце, паведамляе Асамблея НДА. 

У заяве выказваецца занепакоенасьць надзвычайным узмацненьнем ціску органаў дзяржаўнай улады Расейскай Фэдэрацыі ў дачыненьні да арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці гэтай краіны. Асаблівую заклапочанасьць у прадстаўнікоў беларускіх НДА выклікае той факт, што кампанія пракурорскіх праверак закранула ў тым ліку і тыя некамэрцыйныя арганізацыі, якія плённа і прадуктыўна супрацоўнічаюць зь беларускай грамадзянскай супольнасьцю.

“Існуе небясьпека, што досьвед зьнішчэньня інстытуцыйнай асновы грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі (а таксама ў Цэнтральнай Азіі) з мэтай пабудовы аўтарытарнага грамадзтва, цяпер служыць прыкладам для разьвіцьця аўтарытарнага рэжыму ў Расейскай Фэдэрацыі. Мы лічым недапушчальным імпарт тэхналёгіяў задушэньня грамадзянскай супольнасьці недэмакратычнымі рэжымамі Садружнасьці Незалежных Дзяржаваў”, – гаворыцца ў дакумэнце.

Ціск і вобшукі ў праваабарончых і іншых няўрадавых арганізацыях, увядзеньне ўладамі Расеі адыёзнага заканадаўства пра «замежных агентаў», дыскрэдытацыя дзейнасьці праваабаронцаў у СМІ, адзначаецца ў заяве, асабліва непрымальныя ў сьвятле нядаўняй рэзалюцыі Савета па правах чалавека ААН ад 21 сакавіка бягучага году.

Адзначым, у гэтай рэзалюцыі прагучаў заклік да дзяржаваў-удзельніцаў ААН не дапускаць дыскрымінацыйнага ужываньня абмежаваньняў у дачыненьні да патэнцыйных крыніцаў  фінансаваньня, пакліканых падтрымліваць працу праваабаронцаў, акрамя тых, якія звычайна прадугледжваюцца ў выпадку любой іншай дзейнасьці, не зьвязанай з правамі чалавека, і каб ніводзін закон ня ўтрымліваў палажэньняў аб крыміналізацыі або дэлегітымізацыі дзеяньняў у абарону правоў чалавека на падставе геаграфічнага паходжаньня фінансавых сродкаў.

У заяве грамадзянская супольнасьць Беларусі выказвае падтрымку і салідарнасьць з калегамі-актывістамі грамадзкіх арганізацыяў Расеі і заклікае іх не спыняць грамадзкую дзейнасьць, нягледзячы на неспрыяльныя палітыка-прававыя ўмовы.

Заяву падпісалі: Сяргей Мацкевіч (Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў Беларусі), Алена Танкачова, Вольга Смалянка (Цэнтар прававой трансфармацыі), Жанна Літвіна (Беларуская асацыяцыя журналістаў), Алег Гулак (Беларускі Хэльсынкскі камітэт), Валянцін Стэфановіч (Праваабарончы цэнтар “Вясна”), Тацьцяна Равяка (Беларускі Дом правоў чалавека), Іна Кулей (Камітэт “Салідарнасьць”), Аляксандар Мілінкевіч (Рух “За свабоду”), Уладзіслаў Вялічка (Міжнародны кансорцыюм “ЭўраБеларусь”), Міраслаў Кобаса (Фонд імя Льва Сапегі), Раіса Міхайлоўская (Цэнтар па правах чалавека).

Нагадаем, днямі супрацоўнікі пракуратуры, падатковай і Мін’юста Расіі правялі праверкі ў маскоўскім офісе міжнароднай праваабарончай арганізацыі “Amnesty International”, а таксама ў фондзе “Грамадзкі вэрдыкт”, арганізацыях “За правы чалавека”, “Права дзіцяці”. Таксама ператрусы і праверкі прайшлі ў штаб-кватэры таварыства “Мемарыял” у Маскве і “Грамадзянскі кантроль” ў Санкт-Пецярбургу.

Поўны тэкст заявы:http://spring96.org/files/misc/zajava_blr.doc

 

Файлы

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства