Абрамава хоча прымусіць пошту даставіць кнігі Статкевічу
Экс-дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Вольга Абрамава намагаецца, каб кнігі, якія яна накіравала палітвязьню Мікалаю Статкевічу ў турму, дайшлі да адрасата.
«Пару тыдняў таму я накіравала Статкевічу дзьве кнігі і пазначыла,
што гэтае ўручэньне адраснае. А ў лісьце Статкевічу я напісала, што кнігі вяртаць ня трэба, няхай ён пакіне іх у турэмнай бібліятэцы. Перад гэтым Статкевіч мне патлумачыў, чаму ня трэба накіроўваць кнігі бандэрольлю, бо адну раней даслаў карэспандэнт Свабоды. Але
можна накіроўваць лістамі і пакетамі. Таму я так і зрабіла.
Заказным лістом накіравала па яго просьбе дзьве кнігі з фантастыкі,
з усясьветнай клясыкі. На пошце мне патлумачылі, што я магу
такім чынам накіроўваць літаратуру вязьню. Але нядаўна я атрымала
паведамленьне з пошты, каб я забрала свае кнігі. Я адмовілася
іх забіраць. Бачна, што пакет ускрываўся, на ім стаіць размыты
штамп. Як спажывец я настаяла, каб супрацоўнікі пошты ўступілі
ў перамовы з гэтай папраўчай установай. Супрацоўніца турмы ім патлумачыла,
што Статкевічу «не паложана».
Вольга Абрамава зьбіраецца працягнуць разьбіральніцтва і плянуе накіраваць
скаргу на імя пракурора Магілёўскай вобласьці.
«Я лічу, што гэта свавольства. Калі я была дэпутатам, я шмат
займалася пэнітэнцыярнай сыстэмай. Мы зьбіралі сродкі і накіроўвалі
кнігі ў моладзевыя і жаночыя калёніі. І калі я паспрабавала
выкарыстаць сваё права не адносна турмы наогул, а адносна канкрэтнага
вязьня Мікалая Статкевіча, яно было парушана самым грубым чынам. Я ўжо
не кажу аб правах самога Статкевіча. Таму я не зьбіраюся спыняцца
і зраблю ўсе неабходныя захады. Я спадзяюся, што кнігі ўсё ж
знойдуць свайго адрасата».
Супрацоўніца турмы ім патлумачыла, што Статкевічу „не паложана“
Вольга Абрамава сказала, што мела перапіску толькі
з тымі палітвязьнямі, зь якімі была асабіста знаёмая. Яна
перапісвалася з Аляксандрам Фядутам, калі ён быў у зьняволеньні,
з Андрэем Саньнікавым, хаця яе ліст не дайшоў, як кажа
Ірына Халіп, і цяпер зь Мікалаем Статкевічам.
«Я проста добра ўяўляю сытуацыю ў турме і стан чалавека, які там
знаходзіцца і лічыць сябе невінаватым, адбываючы жорсткі тэрмін. Таму для
аднаўленьня нейкай справядлівасьці, маральнай падтрымкі і салідарнасьці
я і пісала лісты. Я калісьці казала, што нядрэнна было б
усім дэпутатам парлямэнту правесьці ў камэрах па адным поўным дні
ў становішчы вязьня. Тое ж тычыцца і вышэйшых чыноўнікаў
і судзьдзяў. Тады, магчыма, і некаторыя прысуды выносіліся б
інакш».
Вольга Абрамава падчас апошніх прэзыдэнцкіх выбараў называла Мікалая Статкевіча
«рэвалюцыянэрам-тэрмінтарам». На выбарах у Палату прадстаўнікоў
у 2004 годзе яна супэрнічала зь ім па 108-й Каліноўскай
выбарчай акрузе Менску. Аднак цяпер яна не захацела згадваць пра
палітычнае супэрніцтва:
«Не трэба цяпер пра гэта ўзгадваць. Я жадаю яму хутчэйшага
вызваленьня».
Абрамава сказала, што ў лістах Статкевіч аптымістычна настроены:
«Колькасьць намаляваных смайлікаў у яго лістах проста зашкальвае.
Ён нібыта падкрэсьлена дэманструе, што ён у парадку.
І малайчына».