Ніна Багінская зьбіраецца скардзіцца на міліцыю ў пракуратуру
26 сакавіка так і не аднавіўся
адміністрацыйны працэс па справе Ніны Багінскай, які пачаўся
25 сакавіка. Перарваўся ён з-за таго, што актывістка страціла
прытомнасьць і яе завезьлі «хуткай дапамогай» у шпіталь. «Калі
працэс адновіцца, зьвестак не даем», — кажуць у канцылярыі
Маскоўскага суду Менску.
Ніну Багінскую затрымалі ў Дзень Волі ля Чырвонага касьцёла
ў Менску. Актывістка падчас малітвы ў гонар 95-х угодкаў БНР
разгарнула бел-чырвона-белы сьцяг. Але сьцяг у яе адабралі
супрацоўнікі міліцыі. Прычым, паводле Ніны Багінскай, якой 67 гадоў,
яе моцна штурханулі і зламалі дрэўка сьцяга. Актывістку затрымалі
й адвезьлі ў Маскоўскі РУУС, дзе пратрымалі да вечара
і забралі пашпарт.
Раніцай 26 сакавіка Ніна Багінская прыйшла ў Маскоўскі РУУС, але
замест таго каб аддаць жанчыне пашпарт, на яе склалі адміністрацыйны
пратакол нібыта за удзел у несанкцыянаванай масавай акцыі.
Увесь дзень спадарыня Багінская знаходзілася ў райаддзеле міліцыі.
Ёй забаранялі тэлефанаваць сваякам і знаёмым, трымалі ў «малпятніку»
разам з затрыманымі хуліганамі. А 17-й гадзіне актывістку павезьлі
ў суд і каля 18-й гадзіны пачалі судзіць. Вядома, што супраць Ніны
Багінскай сьведчыў міліцыянт Аляксандар Давыдзік.
Неўзабаве пасьля пачатку працэсу спадарыня Багінская страціла прытомнасьць.
Актывістка кажа, што апрытомнела, калі ляжала на лаўцы,
а ёй на твар лілі ваду.
Міліцыянты выклікалі ў суд «хуткую дапамогу», якая забрала актывістку
ў 5-ты шпіталь сталіцы. Адтуль а 21-й гадзіне Ніну Багінскую
адпусьцілі дахаты.
26 сакавіка Ніна Багінская казала, што захварэла і выклікала дадому
лекара. У Ніны Багінскай была тэмпэратура 38 градусаў. Жанчына
мяркуе, што ў яе грып. Зь міліцыі ці з суду
ёй цягам дня не званілі. Ніна Багінская згадвае, што ў судзе
міліцыянты пыталіся ў лекараў «хуткай дапамогі», зь якой яны брыгады
і ў які шпіталь яе павязуць. Актывістка мяркуе, што суд над
ёй усё ж давядуць да канца. Днямі Ніна Багінская зьбіраецца
аднесьці ў пракуратуру скаргу на дзеяньні міліцыянтаў, якія лічыць
незаконнымі.
Удзельнікі масавых акцыяў і імпрэзаў, якія ладзяць прадстаўнікі
дэмакратычных арганізацыяў, ведаюць Ніну Багінскую ў твар дзякуючы
яе прынцыповасьці што да бел-чырвона-белай сымболікі. Ніна Багінская
заўсёды на ўсіх акцыях зьяўляецца зь бел-чырвона-белым значкам,
стужкай ці сьцягам, як было 25 сакавіка. За гэта
яе шмат разоў затрымлівалі міліцыянты. У Маскоўскім судзе
на працэсе над актывісткай гучалі зьвесткі пра яе затрыманьні цягам
году.