МЗС Літвы: Улады Беларусі не ўлічваюць інтарэсы простых людзей
Так у знешнепалітычным ведамстве Літвы пракаментавалі чарговую затрымку з падпісаннем Беларуссю дамовы аб Малым памежным руху.
Адтэрміноўка ўвядзення ў дзеянне
дамовы аб Малым памежным руху ў літоўскім МЗС лічаць “чарговымі страчанымі
магчымасцямі”. Гэтую пазіцыю Еўрарадыё выказаў віцэ-міністр замежных спраў
Літвы Андрус Крывас:
“На
гэта мы глядзім як на яшчэ адну страчаную магчымасць і мы будзем вяртацца да
гэтай тэмы. Спадзяемся, што гэта праца будзе працягнутая і, магчыма, акурат
падчас літоўскага старшынства ў Еўрасаюзе (старшынства ў Еўрасаюзе да
Літвы пераходзіць 1 ліпеня сёлета — Еўрарадыё) яна прынясе
вынік”.
Нагадаем, дамова аб Малым памежным руху дае магчымасць жыхарам 50-кіламетровай
зоны па абодва бакі беларуска-літоўскай мяжы без віз ездзіць у Беларусь і
Літву. Дарэчы, у гэтую “безвізавую” зону трапляюць Вільня і Гродна.
Між тым, 23 сакавіка прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Андрэй Савіных заявіў, што Малы памежны рух з Польшчай бліжэйшым часам уводзіць не плануецца ўвогуле “з-за антыбеларускай пазіцыі ўрада Польшчы”, а што тычыцца Літвы, то пакуль “вывучаецца вопыт, звязаны з рэалізацыяй такога пагаднення з Латвіяй”. І пакуль гэты працэс не завершаны, Малы памежны рух з Літвой уведзены не будзе.