Тэлеканалу “Белсат” чарговы раз адмовілі ў акрэдытацыі
У сваім рашэнні МЗС Беларусі спаслалася на тое, што беларускія журналісты ўжо неаднаразова парушалі заканадаўства, калі супрацоўнічалі з тэлеканалам.
Рашэнне аб адмове ў акрэдытацыі перадалі афіцыйнаму прадстаўніку канала ў Беларусі Міхасю Янчуку ўвечары 26 сакавіка.
— Такое рашэнне МЗС было чаканым для “Белсату”, бо журналісты тэлеканалу цудоўна ведаюць, у якой краіне яны працуюць, і што ніякай лібералізацыі ад беларускага кіраўніцтва сёння чакаць не прыходзіцца, — адзначыў прэс-службе ГА “БАЖ” Міхась Янчук.
“Белсат”, першы незалежны беларускі тэлеканал, пачаў трансляцыю 10 снежня 2007 года, у Сусветны дзень правоў чалавека. Журналісты каналу неаднаразова траплялі пад пераслед беларускіх уладаў у выглядзе папярэджанняў і адміністратыўных арыштаў.