viasna on patreon

Бялынічы: міліцыя зацікавілася “Магілёўскім Выбарам”

2013 2013-03-23T11:01:51+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/vyrvich.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Незалежны журналіст Барыс Вырвіч

Незалежны журналіст Барыс Вырвіч

Вечарам 22 сакавіка ў прыватны дом незалежнага журналіста Барыса Вырвіча ў аграгарадку Вялікая Машчаніца Бялыніцкага раёна завітаў участковы інспектар Бялыніцкага РАУС, капітан міліцыі Сяргей Карыткін.

Падставай для візіта супрацоўніка міліцыі паслужыла тое, што ён хацеў даведацца, як выдаецца і распаўсюджваецца незалежная дэмакратычная газета “Магілёўскі Выбар”. Па словах Сяргея Карыткіна, гэта неабходна для аб’ектыўнага разгляду пратакола аб адміністрацыйным правапарушэнні, складзенага на жыхара вёскі Лебедзянка, былога дэпутата Бялыніцкага райсавета Валерыя Вусіка, які быццам бы пры распаўсюдзе газеты “Магілёўскі выбар” парушаў артыкул 17 Закона аб СМІ Рэспублікі Беларусь.

“Сяргей Карыткін завітаў да мяне 22 сакавіка ў 17-30. Ён склаў так званы пратакол апытання, які наогул не з’яўляецца працэсуальным дакументам, - распавядае Барыс Вырвіч. – Зразумела, я б мог абсалютна законна не адказваць на пытанні супрацоўніка міліцыі, аднак палічыў неабходным гэта зрабіць, бо праваахоўнымі органамі пераследуецца грамадскі распаўсюднік газеты “Магілёўскі выбар” Валерый Вусік. Я з’яўляюся выдаўцом гэтай газеты, якая выдаецца накладам 299 асобнікаў у строгай адпаведнасці з Законам аб СМІ.

Аднак першае пытанне, якое задаў Сяргей Карыткін, мне падалося вельмі дзіўным. Участковага інспектара цікавіла, ці з’яўляецца Валерый Вусік сябрам Партыі БНФ. Давялося тлумачыць супрацоўніку праваахоўных органаў, што любы грамадзянін Рэспублікі Беларусь можа належаць да любой палітычнай партыі, праграма і статут якіх адпавядае яго поглядам, гэта яго асабістая справа. Якія адносіны маюць палітычныя погляды Валерыя Вусіка да пратакола аб адміністрацыйным правапарушэнні, наогул незразумела. Мяне гэта нават крыху насмяшыла, бо на працягу шэрагу гадоў спадар Вусік з’яўляецца прыхільнікам дзеючага кіраўніка краіны, які лічыць, што Аляксандр Лукашэнка не ведае пра тыя шматлікія парушэнні, якія дапускае мясцовая ўлада.

Пасля супрацоўнік праваахоўных органаў пачаў апытваць мяне пра тое, якім чынам і на якой падставе выдаецца газета “Магілёўскі Выбар”, дзе знаходзіцца яе рэдакцыя і г. д. Я адказваў на яго пытанні, аднак нават гэтыя мае словы былі занесеныя ў пратакол апытання недакладна, я вымушаны быў яго правіць. Больш за тое, пры складанні гэтага дакумента Сяргей Карыткін нават не азнаёміў мяне з маімі правамі і абавязкамі, што з’яўляецца грубым парушэннем заканадаўства. Няўжо супрацоўнікі Бялыніцкага РАУС не ведаюць, як выконваюцца элементарныя працэсуальныя дзеянні?”.

Па словах Барыса Вырвіча, напрыканцы пратакола апытання ён пазначыў той факт, што пры складанні пратакола ўчастковы інспектар Сяргей Карыткін не азнаёміў яго з правамі і абавязкамі пры дачы сведчанняў.

“Я таксама адзначыў той факт, што газета “Магілёўскі Выбар” выдаецца ў строгай адпаведнасці з Законам аб СМІ РБ і Канстытуцыяй краіны”, - кажа Барыс Вырвіч.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства