Пяць сутак галадоўкі Арцёма Пракапенкі
Палітвязень Арцём Пракапенка правёў у штрафным ізалятары 5 сутак. У знак пратэсту ён галадаў.
Пра гэта паведаміла маці зняволенага актывіста Віялета Пракапенка. На днях яна мела кароткатэрміновае спатканне з сынам у Магілёўскай калоніі.
- Ён прыйшоў схуднелы. Сказаў, што толькі што выйшаў з ШІЗА. 13 сакавіка яго туды пасадзілі на пяць сутак. Ён ізноў аб’явіў галадоўку, ізноў нічога не еў. У цэху хацелі ліквідаваць душ, хацелі, каб яны хадзілі мыцца ў іншы цэх. Таму ўся брыгада адмовілася выходзіць на працу. Адміністрацыя палічыла, што вінаваты ў гэтым Арцём, і пакарала яго ШІЗА. У дадатак яшчэ пазбавілі яго чарговай харчовай перадачы, якая павінна быць у красавіку.
Арцём Пракапенка быў асуджаны разам з Яўгенам Васьковічам і Паўлам Сырамалотавым да 7 гадоў зняволення за спробу падпалу дзвярэй Бабруйскага аддзелу КДБ. Усе трое прызнаныя праваабаронцамі палітычнымі вязнямі. У верасні мінулага года Павел Сырамалотаў выйшаў на волю, пасля таго, як напісаў прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі. Арцём Пракапенка і Яўген Васьковіч адмаўляюцца пісаць такое прашэнне.