“Беларускі тыдзень” у Вільні
З 25 па 30 сакавіка ў Вільні пройдзе “Беларускі тыдзень”. У праграму святочных мерапрыемстваў уключаны разнастайныя грамадска-палітычныя і культурніцкія праграмы, якія распачнуцца з урачыстага святкавання Дня Волі 25 сакавіка.
Як паведамляе сайт Беларускага Дому правоў чалавека ў Вільні, праграма мерапрыемстваў “Беларускага тыдня” распачнецца 25 сакавіка з ўскладання кветак падпісантам Акта Незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі 25 сакавіка 1918 года на віленскіх могілках Росы. Таксама 25 сакавіка ў Віленскай гарадской ратушы пройдзе урачысты вечар у гонар Акту Незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі.
26 сакавіка ў Сейме Літвы пройдзе канферэнцыя «Чаго чакаць Беларусі ад старшынства Літвы ў Еўрапейскім звязе?». 27 і 28 сакавіка госці запрашаюцца да прагляду праграмы фестывалю кароткаметражных фільмаў «Cinema Perpetuum Mobile» і сучасных дакументальных фільмаў асацыяцыі «Белфільм». 30 сакавіка у Еўрапейскім гуманітарным універсітэце пройдзе дзень адчыненых дзвярэй, а “Беларускі тыдзень” завершыцца фэстам «Feel Free!» з удзелам беларускіх музычных гуртоў «Крамбамбуля» і «Нейра Дзюбель», а таксама літоўскай музычнай групы «Biplan».
Арганізацыйны камітэт “Беларускага тыдня” запрашае ўсіх беларусаў Віленшчыны, а таксама беларускіх гасцей літоўскай сталіцы далучыцца да святкаванняў, прысвечаных Дню Волі.
Арганізатары “Беларускага тыдня”:
Беларускі Дом правоў чалавека ў Вільні,
Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт,
Грамадзянскае і палітычнае прадстаўніцтва Беларусі ў Літве (HUB),
Моладзевая асацыяцыя “StudAlliance”,
Грамадзянская кампанія “Еўрапейская Беларусь”,
Асацыяцыя “Belarus Watch”.