Часопіс "Arche" атрымаў трэцюю адмову ў рэгістрацыі
Пра гэта Еўрарадыё паведаміў выканаўца абавязкаў галоўнага рэдактара Алесь Пашкевіч.
Па яго словах, нагода для адмовы ў чыноўнікаў з Мінінфармацыі настолькі
дробязная, што выглядае надуманай.
Алесь Пашкевіч: "Па фармальных пытаннях! Відавочна,
што нас рэгістраваць не збіраюцца, паколькі чапляюцца зусім да драбязы. Вось я
толькі што атрымаў ліст, і там гаворыцца, што нейкі нумар тэлефона не ўказаны.
Карацей, зноў з-за вельмі дробнага фармальнага парушэння... Падамо яшчэ раз —
чаму не? Мы нічога не трацім. Калі яны такую тактыку прынялі, то мы таксама
будзем падаваць".
Нагадаем, што праблемы ў "Arche" пачаліся ў верасні. Спярша галоўнага
рэдактара Валерыя Булгакава абвінавацілі ў продажы выдання на прэзентацыі без
касавага апарату. Потым на ў яго былі забраныя кнігі і часопісы. Рахункі
выдання былі замарожаныя. Булгакаў ад пераследу з'ехаў за мяжу. Спробы
перарэгістраваць "Arche" цягнуцца ўжо амаль паўгода.