Наста Дашкевіч: Затрымліваюць лісты ад Змітра
Лісты ад палітзняволенага лідара Маладога Фронту Змітра Дашкевіча, а таксама і да яго сталі ісці вельмі марудна, кажа яго жонка Наста Дашкевіч. Дашкевіч адбывае пакаранне ў Гарадзенскай турме.
Лісты ад яго да Менcку ідуць да 10 дзён. Па словах жонкі зняволенага палітыка, яна збіраецца разабрацца з такой маруднай працай пошты і абскардзіць яе.
Наста Дашкевіч:
- Лісты сталі ісці проста нерэальна вельмі доўга. Я зараз пачынаю ўсё занатоўваць – калі я пішу ліст, калі адпраўляю, у якім аддзяленні адпраўляю. Таксама прашу Змітра, каб ён занатоўваў, калі ён аддаў ліст атрадніку – проста каб пракантраляваць, паглядзець, дзе ў асноўным прападаюць лісты. Затым пісаць скаргі і разбірацца. Такія праблемы з лістамі ўжо былі, але былі, напрыклад, у Жодзіне, і мы іх вырашылі праз скаргі, у іх былі праблемы з цэнзарамі, нават былі праблемы ўнутры.
"Зараз у мяне ўражанне, што лісты затрымліваюцца ці ў Гародні, ці ў Менску. Таму будзем весці сваё расследаванне, разбірацца, што з гэтым рабіць. Па штампах можна бачыць, дзе яны затрымаліся найбольшы час", - кажа Наста Дашкевіч.
Зміцер Дашкевіч быў асуджаны на 2 гады зняволення па сфабрыкаванай спецслужбамі справе пра хуліганства. Разам з ім на 4 гады асуджаны і маладафронтавец Эдуард Лобаў.
Падчас адбывання пакарання Дашкевіча асудзілі яшчэ на 1 год зняволення -- быццам за непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі.