Ірына Халіп: Андрэй Саннікаў стаў ранейшым, якім быў да турмы
Ірына Халіп у Варшаве сустрэлася са сваім мужам, былым кандыдатам у прэзідэнты Беларусі Андрэем Саннікавым, пасля чаго вярнулася ў Менск. Па яе словах, галоўнае ўражанне ад сустрэчы з мужам пасля 8 месяцаў расстання - ён стаў такім, як быў раней, да арышту.
Пра абставіны сустрэчы Ірына Халіп распавяла ў гутарцы з карэспандэнтам нашага радыё.
РР: Цяжка было выехаць. Выезду вашаму папярэднічала цэлая перадгісторыя. Можаце нагадаць, што было зроблена, каб выехаць на сустрэчу з мужам?
- Увогуле, гэтая гісторыя ўжо, напэўна, паўгода цягнецца. Усё пачалося з інтэрв'ю Аляксандра Лукашэнкі брытанскаму выданню "Independent". Калі Яўген Лебедзеў, ягоны ўласнік, запытаўся: а што ж гэта Ірына Халіп не можа выехаць? І, калі памятаеце, Лукашэнка тады сказаў, маўляў, ды яна ж свабодная, яна ўсё гэта ўвогуле сама пра сябе прыдумала! І потым кантроль стаў такім жорсткім, што проста літаральна за мной абсалютна адкрыта сачылі. Суседзі мне распавядалі, якія машыны стаяць у нашым двары, так бы мовіць, па маю душу. Усё гэта працягвалася. Але потым Таня Каравянкова з БелаПАНу трохі яшчэ "прыбіла" сваім другім пытаннем на адной з апошніх прэс-канферэнцый Лукашэнкі. І штосьці ўсё ж такі мы, журналісты, можам, напэўна. Сітуацыя зрушылася з месца. Усё ж такі я змагла атрымаць часовы дазвол на выезд для сустрэчы з мужам. Вось і выехала, вось і сустрэлася. 8 месяцаў не бачыліся.
РР: Якія першыя словы былі сказаныя пры сустрэчы з Андрэем Алегавічам?
- А я не памятаю словаў, шчыра кажучы... Мы проста абняліся. А потым яшчэ Наталля Радзіна падскочыла. Ну і ўсё. Якая ўжо тут памяць!
РР: Усё ж, як адбылася сустрэча? Што там было асноўнае?
- Асноўнае было тое, што мы былі разам. 5 дзён, амаль што 6, мы ўсё ж такі змаглі нават паразмаўляць адкрыта ўрэшце рэшт. Таму што ўвесць гэты час расстання мы маглі размаўляць толькі праз скайп. А гэта не самы бяспечны сродак сувязі, амаль што просты эфір. Так што ўпершыню маглі паразмаўляць пра тое, што з намі адбывалася за гэтыя 8 месяцаў.
РР: Якая тэма часцей за ўсё абмяркоўвалася? Якое слова часцей ужывалася?
- Часцей за ўсё ўжывалася слова Данік. Гэта галоўнае, пра каго мы ўвесь гэты час размаўлялі. Гэта - ключавое слова - Данік.
РР: А сын не вельмі пакрыўдзіўся, што ён тут застаўся і не паехаў з бацькам сустрэцца?
- Ён вельмі пакрыўдзіўся. Мне мама распавяла, што ён некалькі разоў ім казаў за гэтыя дні: "мама ж мне абяцала, што мы на дзень народзінаў таты паедзем разам". Але ўсё ж такі ён у мяне разумны хлопчык і змог зразумець, што спачатку трэба было падлячыцца, каб ехаць ужо сустракацца з татам здаровенькім. Наш дзіцячы доктар не рэкамендаваў яму ехаць у падарожжа. Так што Данік мужна вытрымаў тое, што ён застаўся без мяне, а з бабулей і дзядулем на гэты час. Але ж ён па тэлефоне павіншаваў тату з днём народзінаў, а мяне з жаночым святам.
РР: Наколькі змяніўся Андрэй Алегавіч? Якія новыя рысы з'явіліся, якія старыя, так бы мовіць, адышлі? Ці змяніўся ўвогуле?
- Я б сказала, наадварот - усе старыя рысы вярнуліся. Гэта з турмы ён выйшаў не такім як быў. А зараз ён такі, які быў раней, якім я яго ведаю, якім я яго пабачыла ўпершыню, у якога я закахалася, з якім я жыла да 19 снежня 2010 года, да нашага арышту. Ён ранейшы зараз. Аптымістычны, мудры, бадзёры, у баявым настроі, чалавек, які спяшаецца працаваць, штосьці рабіць, штосьці мяняць. І ў рэшце рэшт, толькі адна новая рыса з'явілася - зараз яму яшчэ трэба рабіць шмат чаго, каб хутчэй вярнуцца ў Беларусь. А гэта магчыма толькі пры дэмакратычных зменах.
РР: А ён думае пра гэта? Ён упэўнены, што зможа вярнуцца ў бліжэйшы час?
- Ён абсалютна ўпэўнены, што вернецца. І хацелася б, каб у бліжэйшы час. Ён робіць усё магчымае для гэтага. Усе мы павінны рабіць усё магчымае, для таго, каб усе маглі вярнуцца хто з замежжа, хто з турмы. Каб усе апынуліся зноў дома.
РР: Як Андрэй Саннікаў зараз ацэньвае сітуацыю, якая складаецца ў Беларусі? Ёсць аптымізм у яго ацэнках, ці больш песімізму?
- Ёсць і аптымізм і песімізм. Я б не хацела падрабязна распавядаць, таму што навошта нам з вамі палягчаць работу КДБ, які, напэўна, шмат аддаў бы, каб атрымаць ад Саннікава аналітыку сённяшняга дня. Не буду.
РР: Перад Вашым выездам супрацоўнікі крымінальна-выканаўчай інспецыі як бы намякалі, ці наўпрост казалі, каб вы не вярталіся. Вы іх расчаравалі. Як яны ўспрынялі Вашае вяртанне?
- Не, я адзначаюся там па панядзелках, а сёння серада. Так што да панядзелка я абсалютна вольная, калі так можна выказацца.
РР: Вас адпусцілі яшчэ і ў Маскву, на вашую працу ў "Новую газету". Ці плануеце Вы паехаць туды?
- Так, у Маскву я збіраюся ў канцы сакавіка, таму што 1 красавіка "Новая газета" святкуе свой 20-гадовы юбілей. Будзе вялікае свята. Вядома ж, гэта цудоўная нагода, для таго, каб з'ездзіць і, урэшце рэшт, пабачыць усіх сваіх калегаў, якія вельмі многа чаго зрабілі для мяне і для маёй сям'і ў гэты сапраўды цяжкі час.
Ірына Халіп за ўдзел у Плошчы 2010 была асуджана на 2 гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання прысуду на 2 гады. Зараз знаходзіцца пад наглядам міліцыі. Выезд з Менску для яе магчымы толькі па спецыяльным дазволе.