viasna on patreon

Нягледзячы на забарону Міністэрства культуры, у Гомелі працягваецца разбурэнне ўнікальнай драўлянай забудовы

2013 2013-03-14T11:03:26+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/gomel-garvykankam.jpg
Гомельскі гарвыканкам.

Гомельскі гарвыканкам.

У Гомелі знішчаюць унікальную драўляную забудову XIX — пачатку ХХ стагоддзя па вуліцы Волатаўскай.

На месцы часткі старога горада плануюць пабудаваць шматпавярховы дом, з гэтай мэтай на пляцоўцы ідуць падрыхтоўчыя работы, а некаторыя дамы з унікальнай драўлянай разьбой ужо знесены.

Шэраг грамадскіх арганізацый Гомеля (ТБМ, "Талака") і неабыякавыя грамадзяне выступілі супраць зносу, падаўшы заяўку ў Міністэрства культуры аб наданні дамам статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці. Мінкультуры пакуль не вырашыла гэтае пытанне, але яшчэ ў канцы 2012 года накіравала актывістам адказ: пакуль не вызначаны статус дамоў, усе будаўнічыя работы павінны быць прыпынены. Аднак на месцы знесеных дамоў ужо выкапаны катлаван для шматпавярховага будынка, а ў Гомелі ўжо з'явіліся аб'явы аб продажы кватэр у новабудоўлі.

Як паведаміў БелаПАН грамадскі актывіст Алесь Камандзірчык, 13 сакавіка ён праходзіў па вуліцы Волатаўскай і заўважыў, што няма замка на адным з унікальных дамоў — № 17. "Калі я ўвайшоў у дом, то ўбачыў, што там няма ўжо і падлогі, і ляжыць выбітая цэгла. Думаю, дом разбураюць спецыяльна, каб яму не надалі статус гісторыка-культурнай каштоўнасці", — сказаў актывіст.

Старшыня Гомельскай абласной арганізацыі Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны Яўген Якавенка заявіў БелаПАН, што на забудоўшчыка не ўплываюць ні забарона Мінкультуры, ні шматлікія скаргі актывістаў, ні магчымасць пакарання за парушэнне заканадаўства. Паводле яго слоў, у рукі актывістам трапіў дазвол на будаўнічыя работы, які забудоўшчыку — прадпрыемству  "Электрапрам" — выдала інспекцыя дэпартамента кантролю і нагляду за будаўніцтвам па Гомельскай вобласці. "Дазвол на будаўніцтва выдадзены 17 снежня, гэта значыць ужо пасля таго, як мы падалі ў Мінкультуры заяўку на наданне дамам статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці, і пасля таго, як Мінкультуры забараніў там будаўнічыя работы. Дазвол дзейнічае да 1 сакавіка, гэта значыць усе работы, якія там вядуцца, незаконныя", — лічыць Якавенка.

Актывісты ТБМ і "Талакі" падалі скаргі на парушэнне заканадаўства з боку забудоўшчыка ў пракуратуру. Яны патрабуюць спыніць будаўніцтва шматпавярховага дома.

Акрамя таго, актывісты накіравалі ў Мінкультуры новую прапанову — аб наданні статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці гістарычнаму раёну Гомеля Свісток, які ўключае вуліцы Волатаўская і Парыжскай Камуны.

Паводле слоў Якавенкі, Міністэрства культуры плануе вызначыцца са статусам драўляных дамоў Гомеля ў канцы сакавіка.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства