Любоў Кавалёва прыме ўдзел у канферэнцыі ў Варшаве
Любоў Кавалёва, маці расстралянага па абвінавачванні ў тэрарызме Уладзіслава Кавалёва, прыме ўдзел у канферэнцыі па праблеме смяротнага пакарання, якая сёння пройдзе ў Варшаве. Па словах Любові Кавалёвай, дата гэтага мерапрыемства, магчыма, супадае з датай пакарання смерцю яе сына. Яна мяркуе, что гэта магло адбыцца 11 сакавіка 2012 года. Адразу паля іх апошняй сустрэчы ў следчым ізалятары КДБ.
- Я так мяркую, калі аналізую дзеянні нашых уладаў і мае сустрэчы з сынам. Мяркую, што гэта адбылося 11-га сакавіка. Я проста аналізавала нашыя з ім размовы і тое, што адчуваю. Чамусьці мне так здаецца.
Як кажа Любоў Кавалёва, мінулы год толькі ўпэўніў яе ў невінаватасці сына і другога расстралянага па абвінавачванні ў тэрарызме - Дзмітрыя Канавалава. "У матэрыялах справы, у экспертызах, паказаннях сведкаў па гэтай крымінальнай справе столькі відавочных нестыковак, што з'яўляецца усё больш і больш пытанняў. Тое, на што разлічвала дзяржава - пераканаць грамадства ў вінаватасці хлопцаў, не атрымалася. Людзі ў іх віну не вераць", - лічыць Любоў Кавалёва. Па яе словах, расстрэл хлопцаў, віна якіх не даказана, проста забойства галоўных сведкаў. Разам са сведкамі па рашэнні суда былі знішчаны і ўсе рэчавыя доказы, нагадвае Любоў Кавалёва.