Баранавічы: пададзена заяўка на правядзенне пікета з нагоды 95-х угодкаў БНР
Грамадскія актывісты Баранавічаў падалі 7 сакавіка ў мясцовы гарвыканкам заяву на правядзенне пікета, прысвечанага 95-м угодкам абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі.
Мэта пікета – праінфармаваць грамадзян горада Баранавічы, што 25 сакавіка 1918 года беларусы самі стварылі і абвясцілі незалежнасць сваёй дзяржавы, а таксама нагадаць жыхарам горада, што БНР – гэта той дзяржаўны падмурак, на якім выраслі БССР і цяперашняя Беларусь.
– Мы плануем не толькі звярнуць увагу людзей на ўтварэнне ў сакавіку 1918 года нашай першай нацыянальнай дзяржавы – Беларускай Народнай Рэспублікі, але і выказаць сваю нязгоду з тымі крокамі, якія робяць цяперашнія ўлады ў палітычнай, эканамічнай і культурнай сферах, – адзначыў грамадскі актывіст Віктар Сырыца.
Плануецца, што ў пікеце прыме ўдзел каля 10 чалавек.