Палітвязень Эдуард Лобаў скардзіцца на турэмнае харчаванне
Па словах Марыны Лобавай, маці палітзняволенага маладафронтаўца Эдуарда Лобава, у калоніі №22 у Івацэвічах, дзе ўтрымліваецца яе сын, нормы харчавання далёкія ад агульнапрынятых.
“Яго пазбавілі волі, але ж не нармальнага харчавання”, - абураецца Марына Лобава:
- Кароткае тэлефанаванне было, сказаў, што ў яго ўсё нармальна. Адзінае, што скончыліся ўсе прадукты, якія я яму перадала. Таму з харчаваннем ужо не надта, бо на 100 тысячаў рублёў шмат не набудзеш, што мяне вельмі абурае. Яго пазбавілі свабоды, але ж не нармальнага харчавання, ніводны прыговор не ўдакладняў, што ён абавязаны галадаць у турме.
Эдуард Лобаў асуджаны на 4 гады нібыта за хуліганства. Па гэтай жа справе на 2 гады асуджаны і лідар “Маладога фронту” Зміцер Дашкевіч.
Хаця падчас суда віна маладафронтаўцаў не была даказаная, а з паказанняў сведкаў вынікала, што яны сталі ахвярамі спланаванай спецслужбамі правакацыі, абодвух пазбавілі волі.