viasna on patreon

Хто ён, аўтар кнігі "Асьвечаныя беларушчынай": праваабаронца альбо пісьменнік?

2013 2013-03-07T12:18:12+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/bialiacki-kniha.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Кніга Алеся Бяляцкага «Асьвечаныя беларушчынай»

Кніга Алеся Бяляцкага «Асьвечаныя беларушчынай»

Гэтае пытанне неаднаразова ўзнікала пад час прэзентацыі кнігі літаратуразнаўчых эсэ і нарысаў Алеся Бяляцкага “Асьвечаныя беларушчынай”.

6 сакавіка ў Мінску на Управе БНФ прайшла прэзентацыя кнігі праваабаронцы і пісьменніка Алеся Бяляцкага “Асьвечаныя беларушчынай”. Кнігу склалі літаратуразнаўчыя эсэ і нарысы пра беларускіх пісьменнікаў. Аўтар задумваў выпусціць гэтае выданне раней, да свайго 50-годдзя, аднак сталася так, што яно пабачыла свет толькі цяпер, калі Алесь Бяляцкі знаходзіцца за кратамі. Прычым многія артыкулы пісаліся за турэмнымі мурамі.  

Вёў вечарыну паэт і сябар Алеся Бяляцкага Сяржук Сыс, які падкрэсліў, што выхад гэтай  знакавай кнігі – лагічнае дапаўненне да асобы Бяляцкага. «Як ні прыкра гэта казаць, але Алесю бракавала часу – бальшыня якога сыходзіла на праваабарончую дзейнасць, і менавіта знаходжанне Алеся Бяляцкага за кратамі ў пэўным сэнсе паспрыяла хутчэйшаму з’яўленню матэрыялаў для кнігі», — адзначыў вядоўца. Знаходзячыся ў няволі, Алесь працаваў над новымі эсэ і дасылаў іх у лістах да сваіх сяброў і калег, якія апрацоўвалі рукапісы і спрыялі выхаду гэтага дыхтоўнага выдання.

Старшыня  “Саюза беларускіх пісьменнікаў”, празаік, галоўны рэдактар часопіса “Дзеяслоў”, Барыс Пятровіч заўважыў:

“Ля вытокаў беларускай дзяржаўнасці стаялі менавіта літаратары: варта згадаць братоў Луцкевічаў, Вацлава Ластоўскага, Цішку Гартнага. Сталася так, што ў нейкай ступені Алесь паўтарыў лёс сваіх папярэднікаў і стаў займацца больш грамадскай дзейнасцю, чым літаратурай. Некалі ў канцы 1980-х Алесь вёў аўтарскую калонку ў “ЛіМе”. Асаблівымі былі ягоныя матэрыялы, рэцэнзіі на кнігі. Будучы грамадскім дзеячам, Алесь ніколі не забываўся на літаратурную працу, хаця часу і не хапала. Магчымасць звярнуцца зноў да творчай работы ў яго з’явілася, на жаль, толькі тады, калі ён апынуўся ў няволі. Алесь Бяляцкі надзвычай адметны літаратурны крытык, што пацвярджае і кніга “Асьвечаныя беларушчынай”.

“Някляеў-палітык не знішчыў Някляева-паэта”, – адзначыў у сваім эсэ “Пра беларускую турэмную літаратуру” Алесь Бяляцкі. Уладзімір Някляеў агучыў верш, прысвечаны спадару Алесю, а таксама зачытаў фрагменты з дасціпных успамінаў спадара Бяляцкага пра час яго маладосці і ягонае літаратурнае пакаленне. Някляеў высока ацаніў кнігу, яе жывасць і дакладнасць.

Ён засяродзіў увагу на спецыфічным лёсе беларускіх дзеячаў культуры: «Вы паглядзіце: Баршчэўскі, Марачкін, Бураўкін… Гэта людзі, якія замест таго, каб займацца справай, дзеля якой паклікаў іх у свет Бог, вымушаны займацца палітыкай. У тым ліку бліскучы літаратуразнаўца, таленавіты чалавек Алесь Бяляцкі. Нас паставілі ў такую сітуацыю, якая адымае нашыя найлепшыя сілы на тую барацьбу, якой не павінна быць.

Паэт і публіцыст Сяргей Дубавец распавёў пра аўтара кнігі “Асьвечаныя беларушчынай” як пра чалавека з шырокімі грамадскімі поглядамі, які заўсёды імкнуўся ўвасобіць у жыццё ідэю адкрытай беларускасці, якая шукае сабе прыросту, пашырэння, імкнецца павялічыць колькасць нацыянальна напоўненых людзей. Канцэпцыя адкрытасці ўзнікла яшчэ ў адраджэнскую, нашаніўскую пару, менавіта яе прапаноўвалі як найбольш жыццяздольную браты Луцкевічы.

«Падчас сваіх разважанняў я прыйшоў да высновы, што Алесь Бяляцкі — найбольш прыкметны ў нашым часе «ідэолаг адкрытай беларушчыны», — сказаў Сяргей Дубавец.

Паэт Генадзь Бураўкін прызнаўся, што доўгі час жыў над “Вясной”, паколькі ранейшы офіс праваабарончай арганізацыі, сканфіскаваны па выраку суда, знаходзўся якраз пад ягонай кватэрай. Ён прывёў цытату з вершаў беларускага літаратара Валянціна Таўлая, які напісаў, што “вершамі рэжа краты”. Гэтую цытату можна прымяніць і да творчасьці Бяляцкага, лічыць паэт. Ён вітаў вяртаньне Алеся Бяляцкага ў літаратуру, бо той па сваёй адукацыі філёляг, а таксама выказаў пажаданьне, каб Бяляцкі найхутчэй выйшаў на волю.

Літаратуразнаўца, крытык, празаік, драматург і аўтар цудоўных кніг Пятро Васючэнка таксама рыхтаваўся да гэтай прэзентацыі. Аднак, як кажуць, жыццё часам у нашыя планы ўносіць свае карэктывы… І таму вядоўца С. Сыс зачытаў цытату з ягонага падрыхтаванага выступу:

“Алесь Бяляцкі як крытык бачыцца мне спадкаемцам Антона Навіны – падобна да яго заангажаваны, апантаны ідэяй беларушчыны. Пра тое сведчаць допісы, прысвечаныя Янку Купалу, Максіму Багдановічу, Алесю Гаруну, Карусю Каганцу, Францішку Аляхновічу, Антону Луцкевічу. Збольшага, гэтыя матэрыялы знаёмыя мне паводле публікацыяў у перыёдыцы. Ды вось праўдзівы эксклюзіў – эсэ, прысвечанае Хвядосу Шынклеру, які не Багдановіч, не Купала і нават не “сын Купалы”, як называў сябе Анатоль Сыс. Ці выпадковасць, што аўтару эсэ трапілася ў бібліятэцы менавіта кніга Хвядоса Шынклера? Бяляцкі даводзіць, як шмат можна выцягнуць з аднаго толькі томіка, калі вольна або міжвольна адключыцца ад Інтэрнэту і падключыцца да ўласнай літаратурнай памяці, жыццёвых уражанняў і ўспамінаў пра дзяцінства. Эсэ “Подзвіг” Хвядоса Шынклера” цікавае факталогіяй, ужываннем у чужы лёс і стылем”.

Рэдактарка і ўкладальніца кнігі Паліна Сцепаненка расказала пра спецыфічныя цяжкасці, якія трапіліся падчас складання гэтага тому. Розныя ўдакладненні ды ўзгадненні з аўтарам былі магчымыя толькі шляхам перапіскі. «У мяне шмат пыталі, як тэксты праходзілі скрозь цэнзуру. Даходзіла”- паведаміла яна.

Кніга “Асьвечаныя беларушчынай” выйшла ў добрым паліграфічным выкананні, ды яшчэ пад вокладкай з Пегасам. Мастацкае афармленне кнігі пагадзіўся зрабіць акадэмік графікі, Віцэ-прэзідэнт Беларускай акадэміі выяўленчага мастацтва, сябра Беларускага саюза мастакоў Уладзімір Вішнеўскі. Ён распавёў пра пра стварэнне вобраза для вокладкі кнігі.

Неадназначнае стаўленне у прысутных выклікаў выступ  філосафа Ігара Бабкова, калегі Бяляцкага па суполцы «Тутэйшыя».  “Я супраць такіх праектаў. Я лічу, што Алесю яшчэ рана складаць такія кнігі, яшчэ рана ісці на спакой. Я чакаў больш дзёрзкай і драматычнай кнігі», — сказаў Бабкоў.

“Мы з рыпам сэрцаў адпусцілі Алеся ў палітыку. Там яго маглі замяніць дзясяткі, але як бліскучага літаратуразнаўцу Алеся не замяніў ніхто. Дзякуючы яго намаганням, публіцы стала даступна агромністая колькасць твораў беларускай літаратуры, якія ён выцягнуў з архіваў. У маім уяўленні Бяляцкі — самотны беларускі самурай, які ў эру трэшу, фэйку і порнагламуру аддана займаецца сваёй справай”.

А бліжэй да завяршэння вечара пісьменнік Уладзімір Арлоў падсумаваў свае ўражанні наступнымі словамі:  “У год 150-годдзя паўстання Каліноўскага, сустракаючы чалавека, я задаю сабе пытанне: “А ці б удзельнічаў гэты чалавек у тым паўстанні?“ У выпадку з Алесем такога пытання ў мяне не проста не паўстае”.

Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў, сябрам якой з’яўляецца Бяляцкі, Жанна Літвіна прамаўляла лаканічна. За тое ўручыла  букеты шыкоўных веснавых кветак  сястры Алеся Бяляцкага – Вользе і дзяўчатам з Праваабарончага цэнтру “Вясна”, якія  таксама дапамагалі выхаду гэтай кнігі.

Напрыканцы вечарыны да прысутных са шчырымі словамі звярнуўся Язэп Янушкевіч, якога з Алесем Бяляцкім аб’ядноўвае захапленне гісторыяй літаратуры, архівістыкай і яшчэ добрае суседства.

Завяршаючы імпрэзу вядоўца С. Сыс паведаміў, што да Алеся нядаўна патрапіла новая паэтычная кніга ягонага сябра і студэнцкага таварыша Эдуарда Акуліна “Малітва воч”, якая не абыйшла датклівага пяра творцы: Алесь напісаў пра яе цудоўны нарыс. А гэта сведчыць, што яшчэ з’явяцца новыя кнігі і цікавыя літаратурныя адкрыцці. Пакуль ёсць і будзе такі чалавек, як пісьменік і праваабаронца Алесь Бяляцкі.

  

 

 

Прэзентацыя кнігі Алеся Бяляцкага "Асьвечаныя беларушчынай"
вядоўца вечарыны Сяржук Сыс
Выступае паэт Уладзімір Някляеў
Укладальніца і рэдактарка кнігі Паліна Сцепаненка
Язэп Янушкевіч
Старшыня саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства