viasna on patreon

Журналістаў “Белсату” абвінавацілі ў “прамысловым шпіянажы” на жывёлагадоўчай ферме

2013 2013-03-02T21:13:43+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/belsat1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

28 лютага СВК “Лебедзянку” па запрашэнні былога дэпутата Бялыніцкага райсавета Валерыя Вусіка наведалі журналісты незалежнага тэлеканала “Белсат”. Яны хацелі сустрэцца з працаўнікамі гэтай гаспадаркі, каб мець магчымасць спраўдзіць ці не спраўдзіць інфармацыю аб тых парушэннях, пра якіх распавядаў у сваім пісьмовым звароце да мясцовых уладаў у  газеце “Магілёўскі Выбар” Валерый Вусік.

Падчас наведвання журналістамі тэлеканала “Белсат” адной з жывёлагадоўчых фермаў гаспадаркі, дзе яны размаўлялі з працаўнікамі СВК “Лебедзянка” аб іх сапраўдных заробках і умовах працы, на жывёлагадоўчы аб’ект прыбыў намеснік старшыні кааператыва. Ён абвінаваціў журналістаў Белсату ў “прамысловым шпіянажы” і запатрабаваў ад іх тэрмінова пакінуць “сакрэтны” аб’ект, пагражаючы выклікаць супрацоўнікаў Бялыніцкай міліцыі.

Вечарам 28 лютага дахаты Валерыя Вусіка ў вёсцы Лебедзянка завітаў участковы інспектар Сяргей Карыткін, які спрабаваў даведацца, “на якой падставе Валерый Вусік запрасіў тэлебачанне”.

“Я наогул адмовіўся размаўляць з гэтым чалавекам, які так некарэктна павёў сябе ў адносінах да мяне раней, - кажа Валерый Вусік. – Я сказаў, што не абавязаны яму справаздачыцца ў нейкіх сваіх учынках і запатрабаваў, каб ён пакінуў мой двор. Крыху пачакаўшы, участковы сыйшоў”.

Аднак на гэтым гісторыя з візітам журналістаў “Белсата” у стратэгічную вёску Лебедзянка не скончылася. Як паведаміў 2 сакавіка Валерый Вусік, на двух удзельнікаў гутарак з карэспандэнтамі незалежнага тэлеканала супрацоўнікамі міліцыі складзены пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні. Якая афіцыйная падстава для складання гэтых пратаколаў, пакуль нашаму карэспандэнту ўдакладніць не ўдалося.

Па словах Валерыя Вусіка, гэта проста чарговая спроба запалохаць працаўнікоў СВК “Лебедзянка” з боку міліцыі і мясцовых уладаў, каб яны баялісь хоць нешта казаць наконт праблемаў, якія існуюць у гаспадарцы.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства