Гомель: помнікі архітэктуры размалёўваць можна, помнік Леніну – не (дакумент з мноствам арфаграфічных памылак)
Упраўленне архітэктуры і горадабудаўніцтва Гомельскага гарвыканкаму даслала адказ на зварот грамадскага актывіста Кастуся Жукоўскага. Ён прасіў даць яму дазвол размаляваць помнік Леніну на аднайменнай плошчы. Такая ідэя ўнікла ў заяўніка пасля таго, як ён убачыў на вуліцах Пралетарскай і Кірава дамы, якія з’яўляюцца помнікамі гісторыі, але якія пры гэтым размаляваныя.
«У мэтах прыцягнення замежных інвестыцый і турыстаў, і для стварэння пазітыўнага ўспрымання краіны ў цэлым, выкарыстоўваючы напрацаваныя навыкі па расфарбоўцы сцен дамоў па вуліцах Пралетарскай і Кірава прашу дазволіць мне размаляваць шэры, змрочны, непрыгожа выглядаючы на фоне царквы і парка помнік Леніну», - напісаў у заяве Кастусь Жукоўскі. Ён дадаў, што помнік Леніну, як і дамы па вуліцах Кірава і Пралетарскай, з'яўляюцца помнікамі архітэктуры.
Упраўленне архітэктуры і горадабудаўніцтва адказала апазіцыянеру на беларускай мове, таму што, згодна закону «Аб зваротах грамадзян», адказы чыноўнікаў павінны быць на той мове, на якой звяртаюцца грамадзяне. Але сэнс «беларускіх словаў» цяжка зразумець. Напрыклад, як зразумець выраз «ваша прапанова заслугоўвае заўвагу?», ці «няма клопату аб неабходнасці яго упрыгоджання», ці «роспіс сцен зроблены маладымі таленавітымі мастакамі задарма»?
І пасля такой лексічнай кашы чыноўнікі пішуць, што рэалізацыя прапановы Кастуся Жукоўскага была б непавагай да аўтара помніка Леніна, і «праяўленнем вар'яцкага і выродлівага густу з боку аўтара вышэйназванай прапановы».
Гомельскія чыноўнікі не першы раз аскандаліліся з адказамі, якія яны давалі грамадзянам на «беларускай» мове.
У мінулым годзе той жа Кастусь Жукоўскі атрымаў адказ з абласной пракуратуры, дзе былі такія словазлучэнні: «накіроўваю для разгляду па істоце» (замест «па сутнасці»), «апавяшчаю Жукоўскага аб напрамку звароту для дазволу пракурору» (замест «паведамляю Жукоўскаму аб накіраванні звароту для вырашэння пракурору»). Упраўленне Следчага камітэта названае «кіраваннем Следчага камітэта».