Мінюст не зарэгістраваў “Праваабарончы цэнтр “Лямбда”
У лісце, датаваным 8 лютага 2013 года, за подпісам начальніцы ўпраўлення па пытаннях некамерцыйных арганізацый Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь Кірычэнкі Алены Ольдаўны гаворыцца аб адмове ў дзяржаўнай рэгістрацыі Рэспубліканскага маладзёжнага грамадскага аб’яднання “Праваабарончы цэнтр “Лямбда” (пад такой назвай у другі раз спрабаваў легалізавацца Праваабарончы праект “ГейБеларусь”), устаноўчы з’езд якога прайшоў у Мінску 8 снежня 2012 года.
Прычынай для адмовы стаў той факт, што “прадстаўлены статут РМГА “Праваабарончы цэнтр “Лямбда” не ўтрымлівае палажэнні, якія сведчаць аб тым, што статутная дзейнасць дадзенага грамадскага аб’яднання будзе накіравана на забеспячэнне сацыяльнага станаўлення і ўсебаковага развіцця моладзі”.
Таксама Міністэрствам юстыцыі ўстаноўлена, што назва РМГА “Праваабарончы цэнтр “Лямбда” не адпавядае патрабаванням прадстаўленага статута РМГА “Праваабарончы цэнтр “Лямбда”, паколькі ні адно з палажэнняў статута РМГА “Праваабарончы цэнтр “Лямбда” не прадугледжвае, што дзейнасць дадзенага грамадскага аб’яднання будзе накіравана на забеспячэнне сацыяльнага станаўлення і ўсебаковага развіцця моладзі.
У адмове таксама гаворыцца аб тым, што “парушэнне носіць невыпраўляльны характар”.
У статуце было заяўлена, што мэтай дзейнасці РМГА “Праваабарончы цэнтр “Лямбда” стане аказанне неабходнай дапамогі і падтрымкі гомасэксуалам, бісэксуалам і трансгендарам у абароне іх правоў і законных інтарэсаў.
Трэба нагадаць, што 67 заснавальнікаў з 71 у 12 гарадах рэспублікі былі выкліканы супрацоўнікамі ўпраўлення па наркакантролі і барацьбе з гандлем людзьмі на “гутаркі”. Да тых, хто адмаўляўся ісці на гутаркі, праваахоўнікі прыходзілі дамоў ці на працу, дасылалі “прафілактычныя лісты” па месцы вучобы.
Выклікі адбываліся на фоне пастаянных міліцэйскіх рэйдаў у клубы, дзе збіраюцца сэксуальныя меншасці ў Мінску і Віцебску, усяго было зафіксавана не менш за 8 такіх рэйдаў на працягу месяца.
“Для мяне відавочна, што Міністэрства юстыцыі проста не жадала рэгістраваць нашу арганізацыю, - каментуе адмову ў рэгістрацыі старшыня арганізацыі Сяргей Андросенка, - яно магло знайсці не адну фармальную прычыну нас не рэгістраваць. Больш за тое, пасля падачы дакументаў на рэгістрацыю, ціск на ЛГБТ-супольнасць толькі ўзмацніўся. Але мы абскардзім рашэнне Міністэрства юстыцыі ў Вярхоўным Судзе, давядзем скаргу да Камітэта ААН па правах чалавека, праінфармуем аб адмове міжнародную супольнасць”.
У снежні 2011 года Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь ужо адмаўляла ў рэгістрацыі беларускай рэспубліканскай праваабарончай ЛГБТ-арганізацыі. Тады яно таксама спаслалася на фармальныя прычыны – няправільна напісаныя прозвішчы і хатнія адрасы заснавальнікаў.