viasna on patreon

Камісар Савета Еўропы: Беларускія праваабаронцы маюць патрэбу ў падтрымцы

2013 2013-02-12T23:42:39+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/muznieks_nils.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Нілс Муйжніекс, Камісар Савета Еўропы па правах чалавека

Нілс Муйжніекс, Камісар Савета Еўропы па правах чалавека

12 лютага Камісар Савета Еўропы па правах чалавека сп. Нілс Муйжніекс выступіў з заявай у падтрымку беларускіх праваабаронцаў, заклікаючы ўсе краіны Савета Еўропы быць больш актыўнымі і больш лагічнымі ў сваёй палітыцы ў дадзеным напрамку.

Тэкст заявы, апублікаваны на сайце Савета Еўропы:

Беларускія праваабаронцы маюць патрэбу ў падтрымцы

Беларусь не з'яўляецца дзяржавай - удзельніцай Савета Еўропы і не павінна нават разглядацца як кандыдат, пакуль яна не вызваліць усіх праваабаронцаў і актывістаў апазіцыі, зняволеных па палітычных матывах, не адменіць смяротнае пакаранне і не правядзе маштабных дэмакратычных рэформаў. Гэта азначае, што Беларусь у цяперашні час не з'яўляецца суб'ектам юрысдыкцыі Еўрапейскага суда па правах чалавека; большасць маніторынгавых механізмаў, а таксама мой Офіс не рыхтуюць даклады ў дачыненні да гэтай краіны. Аднак гэта не вызваляе Савет Еўропы і яго дзяржаваў - удзельніц ад неабходнасці праяўляць актыўную цікавасць да Беларусі, устрымлівацца ад якіх-небудзь дзеянняў, якія маглі б нанесці шкоду беларускім праваабаронцам, а таксама імкнуцца аказваць падтрымку правам чалавека ў гэтай краіне.

"Не нашкодзь"

Першы прынцып, які трэба памятаць - гэта "не нашкодзь". Іншымі словамі, дзяржавы - удзельніцы Савета Еўропы не павінны супрацоўнічаць з беларускімі ўладамі ў якіх-небудзь дзеяннях, якія могуць паставіць пад пагрозу фізічную цэласнасць і бяспеку беларускіх праваабаронцаў. На жаль, некаторыя структуры ў дзяржавах – удзельніцах  Савета Еўропы не заўсёды выконвалі гэты прынцып. Варта нагадаць, што арышт, судовы пераслед, прысуд і турэмнае зняволенне бачнага праваабаронцы Алеся Бяляцкага сталі магчымыя, дзякуючы інфармацыі, прадстаўленай Літвой і Польшчай аб банкаўскіх рахунках на імя Бяляцкага ў гэтых краінах. Паведамлялася таксама, што супрацоўніцтва з Беларуссю праз Інтэрпол можа прывесці да рызыкаў для дзеячаў грамадзянскай супольнасці.
Знешні свет можа нанесці шкоду справе правоў чалавека і ў тым выпадку, калі заявы будуць непаслядоўныя, або ў кантактах з беларускім рэжымам будуць гучаць розныя галасы. Прытым што некаторыя вонкавыя сілы заклікаюць да санкцый, іншыя працягваюць весці актыўныя справы з Беларуссю. Відавочна, што такія змешаныя сігналы і адмова ад падыходу, заснаванага на каштоўнасцях, на карысць падыходу, заснаванага на рэалпалітык, даюць уладам у Мінску значнае поле для манеўру і дазваляюць ім сутыкаць паміж сабой розных удзельнікаў, што не ідзе на карысць праваабаронцам Беларусі.

Дэманстраваць салідарнасць і аказваць падтрымку

Дзяржавы - удзельніцы Савета Еўропы павінны дэманстраваць салідарнасць з праваабаронцамі, якія сутыкаюцца з цяжкасцямі, не толькі падымаючы звязаныя з падобнымі выпадкамі пытанні ў шматбаковых і двухбаковых кантактах, але і выдаючы тэрміновыя візы, а калі неабходна - і палітычны прытулак, праваабаронцам і іх сем'ям, якія маюць патрэбу ў абароне ад пагроз, запалохвання і пераследу з боку беларускіх уладаў. Варта разгледзець магчымасць стварэння цэнтральнага кантактнага пункта, у які змогуць звяртацца беларусы, якія знаходзяцца пад пагрозай. Было б лагічна размясціць такі кантактны пункт у суседніх краінах.
Многія беларускія НДА адкрылі свае офісы ў літоўскай сталіцы Вільні, размешчанай бліжэй да Мінска, чым многія беларускія правінцыйныя гарады. Вільнюс прымае таксама ў сябе Беларускі гуманітарны ўніверсітэт - цэнтр вальнадумства, чыя дзейнасць у Беларусі ва ўмовах рэпрэсій стала немагчымай. Студэнтаў, якіх выключылі з універсітэтаў за палітычную дзейнасьць у Мінску, цяпер прымаюць у Вільні. Яшчэ адна годная ініцыятыва - гэта тэлевізійная станцыя Белсат, размешчаная ў Польшчы, якая перадае на Беларусь навіны і інфармацыю без цэнзуры.
І іншыя еўрапейскія краіны павінны працягваць падтрымліваць беларускія праваабарончыя арганізацыі і саміх праваабаронцаў шляхам фінансавання іх дзейнасці і забеспячэння ўдзелу ў розных знешніх мерапрыемствах і навучальных курсах. Праваабаронцы і арганізацыі ў іншых еўрапейскіх краінах павінны наладжваць партнёрскія сувязі са сваімі калегамі ў Беларусі ў рамках сумесных праектаў. Напрыклад, Беларускі дом правоў чалавека ў выгнанні ў Вільні - сетка беларускіх праваабарончых арганізацый - з'яўляецца эфектыўнай платформай для сумесных дзеянняў у падтрымку дзейнасці праваабаронцаў.

Роля Савета Еўропы

Савет Еўропы і яго дзяржавы-удзельніцы павінны нарошчваць намаганні для таго, каб павышаць узровень інфармаванасці аб стандартах, інструментах і механізмах Савета Еўропы, у тым ліку шляхам арганізацыі мерапрыемстваў у краіне, калі гэта ўяўляецца магчымым. Сама Беларусь хацела б пашырыць сваё супрацоўніцтва з Саветам Еўропы, і некаторыя канвенцыі адкрытыя для падпісання і дзяржавамі, якія не з'яўляюцца сябрамі арганізацыі. Беларусь ужо далучылася да антыкарупцыйнага механізму Савета Еўропы і знаходзіцца ў працэсе далучэння да механізму па барацьбе з гандлем людзьмі. Добрым працягам было б далучэнне Беларусі да Еўрапейскай канвенцыі аб папярэджанні катаванняў і бесчалавечнага або зневажаючага годнасць абыходжання або пакарання, што дазволіць экспертам Камітэта па папярэджанні катаванняў мець рэгулярны доступ да месцаў зняволення ў Беларусі, у тым ліку і да зняволеных у турмах праваабаронцаў.
Важна таксама, каб і экспертны орган Савета Еўропы па канстытуцыйным праве - Венецыянская камісія - і далей ўдзельнічала ва ўсіх формах супрацоўніцтва. Венецыянская камісія ўжо прыняла заключэнне па заканадаўстве ў Беларусі, якое абмяжоўвае свабоду асацыяцый і сходаў. Калі Беларусь жадае працягваць гэтае супрацоўніцтва, то Венецыянская камісія магла б прадаставіць дадатковыя заключэнні па заканадаўстве Беларусі ў галіне правоў чалавека. Добрым паказчыкам сур'ёзнасці намераў Беларусі праводзіць рэформы было б тое, у якой ступені гэтая краіна будзе прытрымлівацца гэтых заключэнняў.
Канферэнцыя міжнародных няўрадавых арганізацый і Парламенцкая Асамблея Савета Еўропы таксама адыгралі сваю канструктыўную ролю ў тым, каб прыцягнуць увагу еўрапейскай грамадзянскай супольнасці і парламентаў да становішча беларускіх праваабаронцаў, у тым ліку праз слуханні, даклады і іншыя мерапрыемствы. І гэтыя ініцыятывы заслугоўваюць дадатковай увагі і падтрымкі з боку ўрадаў дзяржаў - удзельніц.

Погляд у будучыню

Я спадзяюся, што настане дзень, калі Алесь Бяляцкі і іншыя несправядліва зняволеныя ў турму праваабаронцы і актывісты апазіцыі будуць вызваленыя, прычым не толькі з турмы, але і ад пагрозаў паўторнага арышту толькі за тое, што яны выказваюць сваё меркаванне і мірна выступаюць у абарону дэмакратыі . Я з нецярпеннем чакаю таго дня, калі становішча з правамі чалавека ў Беларусі палепшыцца настолькі, што дасць магчымасць кіраўніцтву гэтай краіны ўвесці яе ў Савет Еўропы. А пакуль гэты дзень не надышоў, на ўсіх нас ляжыць адказнасць за тое, каб не нашкодзіць, але садзейнічаць захаванню правоў чалавека ў Беларусі любым даступным нам спосабам.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства