Чарговая міліцэйская аблава ў мінскім гей-клубе. Каля 40 затрыманых
У ноч з 1 на 2 лютага ў мінскі «Клуб 6_А» на чарговую «праверку», ужо
трэцюю за апошні месяц, прыйшло каля дзесяці супрацоўнікаў унутраных спраў у цывільным,
як паведамляюць відавочцы. Быў зроблены пашпартны кантроль, прыкладна 40
чалавек было затрымана для высвятлення асобы. Усіх даставілі ў аддзяленне
міліцыі.
Прадстаўнікі ўнутраных органаў заявілі затрыманым, што рэйд быў звязаны з
дзейнасцю лідэра «ГейБеларусі» Сяргея Андросенкі, пры гэтым супрацоўнікі
міліцыі спасылаліся на тое, што ён «займаецца рэчамі, якімі не варта было б». У
самога Сяргея Андросенкі 2 тыдні таму забралі пашпарт пры перасячэнні
польска-беларускай мяжы ў Брэсце і не вярнулі да гэтага часу.
Аднаго з хлопцаў, які патрабаваў супрацоўніка міліцыі прадставіцца, сілай, па
зямлі, павалаклі да аўтобуса, а там прычапілі наручнікамі да сядзення.
Відавочцы паведамляюць пра грубыя дачыненні ў аддзяленні міліцыі да хлопцаў і
дзяўчат. Усім затрыманым забаранілі карыстацца тэлефонамі і паабяцалі трымаць
да вечара.
Нагадаем, у студзені ўжо праводзіліся міліцэйскія рэйды на ЛГБТ-вечарынкі ў
Мінску і Віцебску. У Віцебскай вобласці пачалі выклікаць на размову нават
звычайных наведвальнікаў вечарыны, якіх супрацоўнікі знялі на відэа-камеру,
якія не маюць дачынення да арганізацыі.
Таксама з пачатку студзеня на «гутарку» было выклікана не менш за 60
заснавальнікаў рэспубліканскага моладзевага праваабарончага грамадскага
аб'яднання "Праваабарончы цэнтр “Лямбда” (пад такой назвай ў другі раз
спрабуе легалізавацца «ГейБеларусь»), старшынёй якой 8 снежня на ўстаноўчым
з'ездзе быў абраны Сяргей Андросенка . «Гутаркі» з заснавальнікамі
ЛГБТ-арганізацыі былі зроблены па ўсёй краіне, не менш, чым у 8 гарадах.
Ціск на ЛГБТ-супольнасць Беларусі пачаўся прыкладна праз тыдзень пасля падачы
дакументаў на рэгістрацыю ў Міністэрства юстыцыі.
«Гэта беспрэцэдэнтны ціск на беларускую ЛГБТ-супольнасць з боку ўладаў, я толькі
магу здагадвацца аб сапраўдных прычынах і наступствах пераследу, якое
абрынулася на нашу арганізацыю і беларускіх гомасэксуалаў. Але тое, што
адбываецца відавочна дэманструе неспакой уладаў з нагоды аб'яднання
ЛГБТ-супольнасці і з нагоды каштоўнасцяў, якія дэкларуе нашая арганізацыя, -
пракаментаваў сітуацыю лідэр беларускай рэспубліканскай маладзёжнай
праваабарончай ЛГБТ арганізацыі Сяргей Андросенка. - Мы з нецярпеннем чакаем
адказу з Міністэрства юстыцыі з нагоды разгляду нашых ўстаноўчых дакументаў».
Сам Сяргей Андросенка таксама выказвае занепакоенасць за сваю свабоду.
GayBelarus.By