Падтрымалі “Ланцуг салідарнасці”
Дэмакратычныя актывісты з Менску Ігар Мажэйка і Алег Лісіцкі правялі фотаакцыю ў падтрымку гродзенскіх праваабаронцаў - Віктара Сазонава, Уладзіміра Хільмановіча, Рамана Юргеля, а таксама наваполацкіх актывістаў Сяргея Малашэнкава і Яўгена Парчынскага.
Юрыдычная абсурднасць гэтых беспрэцэдэнтных адміністрацыйных спраў выклікала вялікі грамадскі рэзананс - як у
Беларусі, так і за межамі краіны.
"Падобнымі дзеяннямі беларускія ўлады яшчэ больш выразна дэманструюць рэальнае становішча з правамі чалавека ў краіне", -
сказаў адзін з удзельнікаў фотоакции Ігар Мажэйка.
Нагадаем, 29 студзеня ў Гарадзенскім абласным судзе былі разгледжаны скаргі гарадзенскіх праваабаронцаў Віктара Сазонава, Рамана Юргеля і Уладзіміра Хільмановіча. 5 студзеня суддзя Ленінскага раённага суда Віталь Ляцко асудзіў грамадскіх актывістаў да 15 базавых велічыняў штрафу (паўтары мільёны беларускіх рублёў) кожнага за фотаздымак у інтэрнэце, на якім гарадзенскія актывісты сфатаграфаваныя з партрэтамі палітзняволенага Алеся Бяляцкага. Скаргі пакінулі без задавальнення.
А 24 студзеня наваполацкі актывіст Яўген Парчынскі аштрафаваны на 500 тысяч рублёў. Яго прызналі вінаватым у правядзенні несанкцыянаванай акцыі. Працэс над актывістам вёў асабіста старшыня Наваполацкага гарадскога суду Пётр Ляўчонак, які і вырашыў, што фатаграфаванне з партрэтам Алеся Бяляцкага ў руках – гэта парушэнне заканадаўства пра вулічныя масавыя мерапрыемствы.
У знак салідарнасці прадстаўнікі менскага офісу Праваабарончага цэнтра “Вясна” правялі 29 студзеня фотаакцыю ў падтрымку гарадзенскіх праваабаронцаў – сябраў “Вясны” Віктара Сазонава, Уладзіміра Хільмановіча і сябра БХК Рамана Юргеля – напярэдадні разгляду ў Гарадзенскім абласным судзе іх касацыйнай скаргі на абсурдную пастанову суду Ленінскага раёну Гародні.
ЖК.