ПАСЕ асудзіла сітуацыю са свабодай СМІ ў Беларусі
Тым часам рэйтынг Беларусі ў індэксе “Рэпарцёраў без межаў” узняўся на 11 месцаў. Чаму так адбываецца?
У рэзалюцыі "Стан свабоды СМІ ў Еўропе", прынятай 24 студзеня, Парламенцкая Асамблея Савета Еўропы, асудзіла “сістэматычныя парушэнні свабоды СМІ ў Беларусі” і нагадала беларускаму ўраду аб яго міжнародных абавязках у гэтай сферы. Іншыя еўрапейскія краіны, якія раскрытыкавала Асамблея, – Расія, Турцыя, Азербайджан і Венгрыя.
“Асамблея заклікае беларускія ўлады расследаваць знікненне журналіста Дзмітрыя
Завадскага ў 2000 г. і смерць заснавальніка сайта Хартыя-97
Алега Бябеніна ў 2010 г., неадкладна вызваліць з турмы Алеся
Бяляцкага і спыніць пераслед Антона Сурапіна, зняць
пакаранні з Ірыны Халіп, Андрэя Пачобута, Паўла Свярдлова, Юліі
Дарашкевіч і Ірыны Козлік”, — гаворыцца ў рэзалюцыі.
У дакуменце згадваецца і пераслед Наталлі Радзінай, Андрэя Пачобута,
Паўла Еўціхеева, Андрэя Ткачова, Рамана Пратасевіча, Алега Шамрука, Сяргея
Бяспалава. Асобны заклік да беларускіх уладаў – спыніць практыку
адміністрацыйных папярэджанняў медыям.
Тым часам рэйтынг Беларусі ў Індэксе свабоды прэсы за мінулы год крыху павысіўся.
Паводле арганізацыі "Рэпарцёры без межаў", Беларусь адразу ўзнялася
на 11 месцаў і стала 157-й сярод 179 краін.
Андрэй Бастунец з Беларускай асацыяцыі журналістаў з ацэнкай міжнародных
экспертаў згодны і кажа, што ўсё залежыць ад таго, з чым параўноўваць.
Андрэй Бастунец: "Калі разглядаць 2012 год у
параўнанні з 2011 г., улічваючы падзеі, што адбываліся пасля выбараў 2010 г.,
то сітуацыя сапраўды палепшылася. Але, на жаль, агульная сітуацыя са свабодай
СМІ ў Беларусі застаецца кепскай".
Паводле даклада “Рэпарцёраў без межаў”, уздым Беларусі ў рэйтынгу яшчэ не
прычына для святкавання. Проста адбылося вяртанне да status quo ў сферы свабоды
СМІ, які існаваў да рэзкага ўзмацнення рэпрэсій пасля прэзідэнцкіх выбараў у
снежні 2010 г.
"Тады дзясяткі журналістаў былі арыштаваныя і збітыя... Гарызонт
па-ранейшаму знаходзіцца пад ценем вялікага эга Аляксандра Лукашэнкі...
Незалежныя журналісты і блогеры рызыкуюць, выконваючы сваю працу інфармавання
грамадскасці", — пішуць стваральнікі даклада.
Самымі вольнымі ў сферы СМІ эксперты прызналі Фінляндыю, Нідэрланды і Нарвегію,
а найменш свабоды ў медыях – у Туркменістане, Паўночнай Карэі і Эрытрэі.