Эксперт: прапанаваныя змены жыццё грамадскіх аб’яднанняў не аблегчаць
Дэпутатам парламента прапанавалі
законапраект, які не ўносіць ніякіх сістэмных зменаў у сітуацыю са свабодай
асацыяцый.
Дэпутаты пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ Палаты прадстаўнікоў разглядаюць 30 студзеня праект закона “Аб унясенні дапаўненняў і зменаў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях дзейнасці палітычных пратый і грамадскіх аб’яднанняў”. І хоць пэўныя пазітыўныя
моманты ў прапанаваным законапраекце ёсць, але грунтоўна на дзейнасць
грамадскіх аб’яднанняў яны не паўплываюць.
Такое меркаванне ў размове з Еўрарадыё выказала дырэктарка Цэнтра прававой
транфармацыі Вольга Смалянка:
“Праект закона не адмяняе забарону на дзейнасць ад імя незарэгістраваных
арганізацый, ён не аблягчае сам працэс рэгістрацыі грамадскіх аб’яднанняў, які
ў Беларусі дастаткова складаны. Ён не змяншае патрабаванняў кантролю за
дзейнасцю грамадскіх аб’яднанняў, а толькі пацвярджае, што ў выпадку
непрадастаўлення інфармацыі аб сваёй дзейнасці цягам трох гадоў арганізацыя
можа быць ліквідаваная”.
Па словах эксперта, нешматлікія пазітыўныя моманты праекта закона губляюцца
з-за дробных недапрацовак. Да прыкладу, прапаноўваецца прыраўняць парадак
ліквідацыі грамадскага аб’яднання, які сёння вельмі складаны, да больш простага
парадку ліквідацыі камерцыйных арганізацый. У той жа час праект закона ўводзіць
дадатковыя падставы для ліквідацыі грамадскага аб’яднання.
Прапануецца дазволіць “беларускае аддзяленне міжнароднага грамадскага
аб’яднання”, але ў большасці еўрапейскіх краін няма такога тэрміна —
“грамадскае аб’яднанне”. І атрымліваецца, што арганізацыі, якія па сваёй
сутнасці такімі аб’яднаннямі з’яўляюцца, але афіцыйна такога статуса не маюць,
не змогуць адкрываць у Беларусі сваіх аддзяленняў.
Каб сітуацыя са свабодай асацыяцый у Беларусі змянілася, упэўненая Вольга
Смалянка, неабходна ўносіць сістэмныя змены ў заканадаўства і мяняць
правапрымяняльную практыку. Што тычыцца згаданага законапраекта, то Цэнтр
прававой трансфармацыі накіраваў свае прапановы па ўдакладненні прапісаных у ім
нормаў парламентарам. Ужо атрымалі адказ, што іх “прымуць да ведама”.