viasna on patreon

Орша: пра што маўчаць дзяржаўныя СМІ

2013 2013-01-31T13:15:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/orsha-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Апошнім часам у Оршы паўсюдна можна чуць размовы пра самагубства былога начальніка штаба дэпартамента "Ахова" падпалкоўніка міліцыі Уладзіміра Міхаліка. Кажуць пра гэта на прыпынках, у чэргах, на вуліцах і на кухнях. Пішуць пра гэта мясцовыя незалежныя інтэрнэт-сайты.

На гэтым фоне дзіўным кантрастам выглядае пазіцыя дзяржаўных СМІ. Складваецца ўражанне, што яны жывуць нібы ў іншым горадзе. Ні раённая "Аршанская газета", ні абласныя "Віцебскі рабочы" і "Народнае слова" ні слова так і не напісалі. А падзея ж не з разраду радавых.

Сітуацыя выглядае яшчэ больш гратэскавай, калі паглыбіцца ў перадгісторыю. У верасні 2012 года ў тым жа Аршанскім дэпартаменце «Ахова» з ўшанаваннямі праводзілі на заслужаны адпачынак першага намесніка начальніка аддзела Аляксандра Галяцкага. Следам па выніках праверкі ў дачыненні да яго распачалі крымінальную справу па артыкуле 426 ч.2 "Злоўжыванне службовым становішчам, здзейсненае з карыслівых ці іншых асабістых меркаванняў". Расследаванне вядзе Упраўленне следчага камітэта па Віцебскай вобласці. Санкцыя па гэтым артыкуле - пазбаўленне волі ад 2-х да 6-і гадоў.

У гэты самы час на старонках той жа "Аршанскай газеты"  з'яўляецца матэрыял "Вся жизнь в строю ". Пра таго ж Галяцкага. Аналагічныя публікацыі прайшлі ў газеце "На страже" і газеце віцебскай міліцыі "02". Прачытаеш гэтыя артыкулы - і перад вачыма ўстае вобраз мудрага і вопытнага кіраўніка, заслужанага чалавека, якога калектыў і кіраўніцтва ўзнагародзіла каштоўнымі падарункамі за бездакорную службу і нават арганізавала канцэртную праграму. Пра тое, што па выніках яго працы ўзбуджана крымінальная справа, газеты нават не намякаюць. Больш за тое, у матэрыялах сярод бясконцых плыняў ліслівасці няма наогул ні аднаго крытычнага слова ў адрас былога кіраўніка.

Ці можна давяраць такім СМІ - пытанне рытарычнае.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства