У Салігорску з'явіліся графіці супраць высечкі лесу
У сталіцы беларускіх гарнякоў з’явіліся графіці на тэму высечкі дрэваў у горадзе. На іх - выявы свежассечаных елак з пянькамі ў выглядзе сумных смайлікаў. На іншых намаляваны кат з сякераю над ссечанымі пянькамі ад дрэваў.
Актывісты кампаніі “Абаронім лес” сваю датычнасць да з’яўлення малюнкаў не пацьвердзілі, але і крытыкаваць аўтараў пратэстных графіці не сталі:
- Ва ўмовах фактычнай адсутнасці свабоды слова ў краіне, выказванне свайго стаўлення да незаконных дзеянняў улады праз такія формы з’яўляецца абсалютна лагічным вынікам. Цяжка сказаць наколькі такая форма пратэсту з’яўляецца эфектыўнай. У любым разе можна канстатаваць, што праблема высечкі гарадскога лесапарку хвалюе жыхароў, - кажа актвыіст кампаніі “Абаронім лес” Уладзімір Шыла.
Нагадаем, барацьба салігорцаў за гарадскую зялёную зону з пераменным поспехам цягнецца ўжо некалькі год. Апошні ўдар па салігорскаму лесапарку мясцовымі ўладамі быў нанесены падчас навагодніх святаў.