Бабруйскія сябры Яўгена Васьковіча сумняюцца, што яму даходзяць усе лісты
Бабруйскія знаёмыя і калегі Яўгена Васьковіча зноў пачалі сумнявацца ў тым, што ўсе дасланыя імі лісты даходзяць да адрасата.
Напрыканцы мінулага года Яўген прасіў у лістах, каб яму дасылалі раздрукоўкі з рознымі гістарычнымі артыкуламі. Таксама ў лісце да былой калегі па газеце “Бабруйскі кур’ер” Алесі Скапінцавай ён папрасіў даслаць яму тэлефонныя коды і паштовыя індэксы Беларусі. У новым годзе прыйшоў адказ Яўгена. У ім ён дзякуе за навагоднюю паштоўку, якую яму дасылалі асобна, - а пра сам ліст ні слова. Але самым дзіўным было тое, што ўнутр канверта, падпісанага рукой Васьковіча, былі акуратна ўкладзеныя тыя самыя раздрукоўкі, якія ён прасіў. Акрамя кодаў і індэксаў яму дасылалі гістарычныя артыкулы пра Рэфармацыю і Контррэфармацыю на беларускіх землях, гэтыя аркушы таксама “вярнуліся” у Бабруйск.
Знаёмыя і калегі Яўгена мяркуюць, што лісты, адрасаваныя яму, па-ранейшаму цэнзуруюцца. Магчыма, да яго даходзяць толькі паштоўкі.
-Складана сказаць, што там сапраўды адбываецца з нашымі лістамі да Жэні, але я таксама ні аднаго не атрымаў. Нават пасля таго, як падаваў скаргу ў абласную грамадскую назіральную камсію Галоўнага ўпраўлення юстыцыі, - кажа Анатоль Санаценка, рэдактар “Бабруйскага кур'ера”.