Шклоўскі раён: гучныя кампаніі не зніжаюць злачыннасці
Нягледзячы на тое, што ўлады і праваахоўныя органы Шклоўскага раёна пастаянна рапартуюць аб правядзенні разнастайных прафілактычных мерапрыемстваў па прадухіленні злачыннасці сярод непаўналетніх, у 2012 годзе ў раёне значна пагоршылася сітуацыя з падлеткавай злачыннасцю.
Падлеткамі і пры іх садзейнічанні ў 2012 годзе ў Шклоўскім раёне здзейснена 19 злачынстваў, што на сем больш, чым у папярэднім 2011 годзе. Удзельная вага злачынных дзеянняў, здзейсненых непаўналетнімі на малой радзіме Аляксандра Лукашэнкі, застаецца адной з самых высокіх у Магілёўскай вобласці. У 2012 годзе 122 падлеткі ў Шклоўскім раёне прыцягнуты да адказнасці за здзяйсненне адміністрацыйных правапарушэнняў.
Таксама паказальна - нягледзячы на тое, што, па афіцыйных звестках, узровень беспрацоўя ў Шклоўскім раёне складае менш за 0,5% і імкліва набліжаецца да нуля, амаль 60% зарэгістраваных на тэрыторыі раёна ў 2012 годзе злачынстваў і іншых правапарушэнняў здзейснена непрацуючымі асобамі. Парадокс нейкі атрымліваецца – беспрацоўных амаль няма, але злачынстваў яны здзяйсняюць процьму…
Ніяк не могуць справіцца супрацоўнікі праваахоўных органаў і з рэцыдыўнай злачыннасцю, якая застаецца вельмі балючай для Шклоўскага раёна. За мінулы год асобамі, маючымі судзімасць, здзейснена 143 злачынствы, што складае 55,2% ад іх агульнай колькасці.
Нягледзячы на шырока разрэкламаваную кампанію па барацьбе з п’янствам і алкагалізмам, стварэнне зон цвярозасці на тэрыторыі некалькіх сельсаветах, трэць усіх злачынстваў ( 84, альбо 32,4%) у Шклоўскім раёне здзейснена ў п’яным выглядзе.
Усяго ў 2012 годзе на тэрыторыі Шклоўскага раёна зарэгістравана 364 злачынствы. Асобы, вінаватыя ў іх здзяйсненні, выяўлены ў 254 выпадках, што складае 69,8% ад зарэгістраваных злачынстваў.
Так што супрацоўнікам праваахоўных органаў Шклоўскага раёна ёсць куды прыкласці намаганні, каб забяспечыць паляпшэнне сітуацыі са злачыннасцю на Шклоўшчыне.