Свастыка на салігорскіх дамах мясцовыя ўлады не хвалюе (фота)
У Салігорску на пад'ездах дома №14 па вуліцы Багамолава ужо некалькі месяцаў можна назіраць намаляваныя невядомымі асобамі сімвалы свастыкі чырвонага колеру. Такія ж знакі намаляваны і на плоце, якім абгароджана тэрыторыя УПП "Ніва", па вуліцах Багамолава ды Кастрычніцкай.
Салігорскі сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Віктар Малочка зрабіў некалькі фотаздымкаў гэтых “графіці” ды падзяліўся сваім меркаваннем адносна іх існавання на працягу такога доўгага тэрміну:
- З сярэдзіны мінулага стагоддзя амаль па ўсім свеце свастыка ўстойліва асацыюецца з нацызмам. У многіх еўрапейскіх краінах гэты сімвал наўпрост забаронены. Для нашай краіны тэма другой сусветнай вайны, тэма нацызму і ўсіх тых ахвяраў, якія ад яго пацярпелі, з’яўляецца адной з найбольш балючых і важкіх нават на афіцыйным узроўні, - кажа Віктар Малочка. - Але хацелася б запытацца, колькі часу знаходзіўся б намаляваны там жа бел-чырвона-белы сцяг альбо надпіс "Жыве Беларусь"? І колькі б штрафу "адмераў" наш самы "гуманны" суд, калі б некага злавілі за маляваннем беларускіх нацыянальных сімвалаў? А свастыка месяцамі красуецца і нікога з улад не турбуе.
Актывіст Аб’яднанай грамадзянскай партыі спадзяецца, што публікацыя здымкаў з гэтымі ганебным для нашай краіны сімваламі зверне ўвагу мясцовых уладаў на дадзеную праблему і ў хуткім часе гэтыя знакі знікнуць з дамоў ды платоў Салігорску.