Гарадзенскія правабаронцы абскарджваюць штрафы ў абласным судзе
Гарадзенскія правабаронцы Віктар Сазонаў, Раман Юргель і Уладзімір Хільмановіч, аштрафаваныя судом Ленінскага раёну Гародні на паўтары мільёны кожны за нібыта правядзенне несанкцыянаванага пікету 10 снежня, у Сусветны дзень правоў чалавека, склалі скаргі ў абласны суд. У сваіх скаргах яны даводзяць усю абсурднасць абвінавачвання і пастановы суду. Усё абвінавачванне грунтавалася толькі на медыйным факце – фотаздымку на інтэрнэт-сайтах і дапушчэннях супрацоўнікаў міліцыі. У матэрыялах судовай адміністрацыйнай справы няма аніводнага доказу, што адбываўся пікет, аніводнага выразнага сведчання. Больш таго, паказанні супрацоўнікаў міліцыі ў справе супярэчлівыя. Аднак, суддзя Віталь Ляцко не ўзяў пад увагу акалічнасці справы, ігнараваў довады падсудных і ўрэшце абвесціў юрыдычна неадэкватнае пакаранне. Правабаронцы перакананыя, што адміністрацыйны працэс, які адбыўся, абсалютна палітычны і ёсць пераследам за грамадскую дзейнасць. Віктар Сазонаў, Раман Юргель і Уладзімір Хільмановіч не маюць ілюзій, што Гарадзенскі абласны суд зойме прынцыповую пазіцыю і перагледзіць пастанову, аднак хочуць дамагацца справядлівасці на ўсіх магчымых узроўнях і падкрэсліць юрыдычную абсурднасць гэтай беспрэцэдэнтнай адміністрацыйнай справы.