Чые прэс-службы любяць журналісты?
Найлепшыя палітычныя прэс-службы – у Лябедзькі і Някляева, найгоршыя – у Шушкевіча, Вештард і КХП-БНФ. Закрытая ўладамі “Вясна” – абсалютны лідар сярод грамадскіх.
Прэс-служба ГА “БАЖ” правяла апытанне сярод журналістаў вядучых беларускіх СМІ, якія пішуць на грамадска-палітычную тэматыку. Рэспандэнты павінны былі ахарактарызаваць працу прэсавых службаў палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў.
Рэйтынг прэс-службаў палітычных партый і грамадскіх арганізацый (ацэнка давалася па 10-бальнай сістэме).
Апроч ацэнкі дзейнасці, мы папрасілі журналістаў на ўмовах ананімнасці коратка пракаментаваць сваё рашэнне, указаўшы на моцныя і слабыя бакі той ці іншай прэс-службы.
Напрыканцы апытання асабістае меркаванне амаль па кожнай з прэс-службаў прапанаваў сябра Праўлення ГА “БАЖ”, былы прэсавы сакратар Віктара Ганчара і Васіля Лявонава, адзін з вядоўцаў серыі трэнінгаў для прэсавых служб палітычных і грамадскіх аб’яднанняў Аляксандр Коктыш.
АГП
Падсумаванне вынікаў апытання калег: Прэс-служба працуе няблага, але выказванні саміх палітыкаў вельмі часта дзяжурныя і даўно завучаныя напамяць – трэба пазбаўляцца ад клішэ; рэлізы не рассылаюць, але актыўна працуюць у сацыяльных сетках, аператыўна паведамляюць пра падзеі зацікаўленым журналістам; даволі прафесійная прэс-служба.
Каментар А. Коктыша: З усіх палітычных партый АГП заўсёды адрознівалася крэатыўнасцю, праяўляла і праяўляе цікавасць да навучання (што паказала мінулагодняя серыя трэнінгаў з прэсавай службай партыі), мае добрыя паказчыкі згадвання ў СМІ. Але самае галоўнае – актывісты АГП намагаюцца падыходзіць да інфармацыі нестандартна, што радуе і дае свой плён.
Не магу не ўзгадаць такі ўдалы піяраўскі ход, як навагоднія віншаванні лідара партыі Анатоля Лябедзькі ў касцюме Деда Мароза іншаземных дыпламатаў, грамадскіх арганізацый, СМІ. Баццам бы проста, але, мяркуючы па ўвазе большасці папулярных сродкаў масавай інфармацыі ды гэтах віншаванняў, вельмі эфектыўна.
Дарэчы, прэсавая служба гэтай партыі ў сваёй працы ўжо дастаткова даўно і ўдала скарыстоўвае мультымедыя.
Адзнака – “9”.
Кампанія “Гавары праўду!”
Падсумаванне: Вельмі шмат часу прысвячаюць працы з журналістамі, працуюць на свой імідж, эфектыўна дапамагаюць; выдатны сайт, актыўная праца ў сацыяльных сетках, прысутнічае персанальная праца з журналістамі.
А. Коктыш: Выдатна пастаўленая праца прэсавай службы. Скарыстоўваюцца найноўшыя інфармацыйныя тэхналогіі.
Пра ўсе значныя падзеі “ГП” паведамляецца аператыўна і граматна. Скарыстоўваецца ўвесь сучасны піяр-“інструментарый”.
Адзнака – “8,5”.
БНФ
Падсумаванне калег: Рассылка навінаў своечасовая, але сайт вельмі нязручны і нецікавы, трэба працаваць над сайтам; сайт ёсць, але ніякай карыснай інфармацыі адтуль не возьмеш, нават анонсаў пра іх мерапрыемствы, выратоўвае “БелаПАН” J; калі патрэбная інфармацыя – звяртаемся непасрэдна да старшыні.
А. Коктыш: Партыя з такой багатай гісторыяй, сузор’ем знакавых фігур і вядомых палітыкаў магла б больш задумацца над удасканаленнем дзейнасці уласнай прэсавай службы. Для гэтага ёсць усе падставы.
Адзнака – “4”.
КХП-БНФ
Падсумаванне: Прэс-служба адсутнічае.
А. Коктыш: Раней праца прэсавай службы была больш заўважнай. Зараз самы вядомы інфармацыйны прарыў (калі так можна сказаць) быў звязаны з публічнымі абвінавачваннямі гісторыка Ігара Кузняцова ў сувязах з КДБ. На маё суб’ектыўнае меркаванне, гэты “прарыў” прынёс больш іміджавых страт партыі, чым набыткаў.
Адзнака – “0,5”.
Аргкамітэт па стварэнні БХД
Падсумаванне калег: Сайт з большага нармальны, рэлізы рассылаюцца аператыўна, але з іміджам, відавочна, сур’ёзныя праблемы.
А. Коктыш: Падчас серыі трэнінгаў сябры інфармацыйнай групы БХД плённа працавалі. У БХД шмат разумных і прасунутых людзей, нярэдка атрымліваюцца някепскія прэсавыя рэлізы дый іншыя інфармацыйныя матэрыялы.
Але прэс-служба, на мой погляд, не поўнасцю рэалізуе свой сур’ёзны патэнцыял.
Ацэнка – “6”.
ЛДПБ
Падсумаванне калег: Падкупляе, што шмат увагі ЛДПБ надае прэсе, актыўна супрацоўнічаюць нават з неакрэдытаванымі журналістамі, але сайт мае недахопы па аператыўнасці; няма рассылкі, медыястратэгія незразумелая і часта супярэчлівая, але актыўная.
А. Коктыш: Прэс-служба актыўная. Значныя інфармацыйныя нагоды, якія тычыліся і тычыцца дзейнасці ЛДПБ, заўсёды даносіліся і даносяцца да сродкаў масавай інфармацыі, як дзяржаўных, так і недзяржаўных. Іншая справа, што не заўсёды разумееш “генеральную лінію” гэтай партыі.
Адзнака – “4,5”
БСДГ
Падсумаванне калег: Прэс-службы няма.
А. Коктыш: Калісьці партыя Станіслава Шушкевіча была нашмат больш прадстаўлена ў інфармацыйнай прасторы. Цяпер гэтае прадстаўніцтва, на мой суб’ектыўны погляд, сур’ёзна звузілася. Пэўна, “рукі не даходзяць” у кіраўніцтва БСДГ да аб’ёмнай і маштабнай працы са СМІ.
Адзнака – “0,5”.
БСДП (Г)
Падсумаванне калег: Прэс-службы няма, па ўсе каментары трэба звяртацца да Ірыны Вештард.
А. Коктыш: Прэсавая служба ці інфармацыйная група на нашых трэнінгах была дастаткова вялікай. Прыемна ўразіла, што было шмат людзей з рэгіёнаў, якія хочуць, могуць і будуць вучыцца, як працаваць з медыямі і журналістамі.
Толькі Ігар Барысаў з Магілёва (адзін з кіраўнікоў інфармацыйнай групы БСДП (Г) з яго дастаткова яркімі тэкстамі пра дзейнасць партыі і яе асобных дзячоў чаго варты!
Канешне, што да інфармацыйнай стратэгіі гэтай партыі ёсць куды імкнуцца. Але спачатку трэба адказаць на пытанне – ці ёсць цалкам зразумелая і ясная стратэгія развіцця ў самой партыі?..
Мяркую, рэсурс інфармацыйнай групы гэтай партыі далёка не вычарпаны і можа быць раскручаны пры стварэнні пэўных умоў і намаганняў.
А пакуль адзнака не самая высокая – “3,5”.
Партыя “Зялёныя”
Падсумаванне калег: Сайт ёсць, але наведвальнікаў мала, імідж трымаецца за кошт асабістых стасункаў з асобнымі журналістамі.
Каментар А. Коктыша адсутнічае, яго адзнака – “3”.
Партыя “Справядлівы свет”
Падсумаванне: Сайта няма, рэлізы не рассылаюць, пра прэс-службу нічога не чутно, але сама партыя заўважная ў СМІ за кошт актыўнай пазіцыі яе лідара; добра каардынавалі кампанію “За справядлівыя выбары”, някепска супрацоўнічалі з журналістамі, праводзілі самыя інфарматыўныя прэс-канферэнцыі.
А. Коктыш: Дастаткова аператыўна падамляюць пра значныя падзеі ў партыі. Асабліва гэта тычыцца затрыманняў актывістаў партыі.
Праведзеная серыя трэнінгаў з інфармацыйнай групай гэтай партыі паказала, што ў яе ёсць значны патэцыял па папулярызацыі пазіцыі лідэраў і актывістаў “Справядлівага свету”.
Дарэчы, пра гэта гаварылі і самі ўдзельнікі той серыі.
Асабліва мне падабаецца, як працуе кіраўнік прэсавай службы партыі Сяргей Вазняк. Вельмі прафесійна і эфектыўна.
У “Справядлівага свету”, на маю думку, праходзяць адны з лепшых прэсавых канферэнцый грамадска-палітычных арганізацый краіны.
Але пры гэтым мушу сказаць, што прэсавая службы партыі патрабуе аптымізацыі высілкаў і намаганняў.
Таму, можа мая адзнака дзейнасці прэс-службы “Справядлівага свету” не такая высокая, як хацелася б.
Адзнака – “5,5”.
КПБ
Падсумаванне: Сур’ёзныя праблемы з працай у інтэрнэце – відавочна, партыя засталася ў тых часах, калі справаздачы рабіліся “з бронецягніка”. Часам праблемы ў камунікацыі з кіраўніцтвам, якое адмаўляецца даваць каментары тым ці іншым СМІ.
А. Коктыш: каментар адсутнічае, яго адзнака – “2”.
“Рух за Свабоду”
Падсумаванне: Шмат увагі прысвячаюць супрацы з журналістамі, запрашаюць, тэлефануюць, дасылаюць рассылку.
А. Коктыш: Падчас серыі трэнінгаў паводзілі сябе крэатыўна, зацікаўлена. Карацей, вучыцца любяць і ўмеюць. Што адчуваецца на прысутнасці гэтай арганізацыі ў медыяпрасторы краіны. Асабіста мне вельмі цікавымі падаюцца асобныя крэатыўныя хады інфармацыйнай групы Руху па супрацоўніцтве з цэлымі выданнямі і асобнымі журналістамі.
Карацей, адкрытыя да супрацоўніцтва, рухаюцца наперад.
Адзнака – “8”.
БРСМ
Падсумаванне калег: Яшчэ большы “фэйс-кантроль”, чым у КПБ, фактычна – рэжымны аб’ект, адмаўляюцца нават падказаць тэлефон ці даць каментар, калі не ведаюць журналіста; з іншага боку – са знаёмымі журналістамі супрацоўнічаюць нармалёва.
Каментар А. Коктыша адсутнічае, яго адзнака – “1,5”.
Незарэгістраваны “Малады Фронт”
Падсумаванне калег: Рассылка ёсць, сайт аднаўляецца, але не ўласнымі матэрыяламі, падзеяў у арганізацыі малавата, прэс-службы, відавочна, няма.
А. Коктыш: Вельмі цяжка гаварыць пра прэсавую службу гэтай арганізацыі. На мой розум, яна была вельмі дастойнай па ўсіх параметрах, калі гэтай арганізацыяй кіраваў Павел Севярынец.
Нават цяжка нейкую адзнаку выставіць.
БХК
Падсумаванне калег: Добра і адкрыта супрацоўнічаюць з прэсай, але маюць праблемы з сайтам – інфармацыя не заўсёды своечасова з’яўляецца; ходзіш, ходзіш на іх прэс-канферэнцыі, пакідаеш электронны адрас, а рассылка так і не прыходзіць.
А. Коктыш: Па маім меркаванні, БХК робіць шмат карыснага для недзяржаўнага сектару і ўсяго беларускага грамадства. Але, на жаль, гэта не заўсёды адлюстроўваецца ў інфармацыйных паведамляннях ці выступах кіраўнікоў гэтай арганізацыі.
Адзнака – “4”. Але мне падаецца, яна можа стаць вышэйшай за дастаткова кароткі час. Было б, што называецца, жаданне…
Закрыты ўладамі ПЦ “Вясна”
Падсумаванне калег: Сайт працуе выдатна, заўсёды дапамагаюць з тэлефонамі і каментарамі, актыўна супрацоўнічаюць са СМІ.
А. Коктыш: Вельмі прасунутая інфармацыйная група. Інфармацыя пра прэсавыя канферэнцыі кіраўніцтва “Вясны” разыходзяцца па шматлікіх друкаваных выданнях і сайтах. Прычым гэта робіцца вельмі аператыўна, прафесійна і крэатыўна. Увогуле інфармацыйная прысутнасць “Вясны” ў медыяпрасторы вельмі значная. І я перакананы, што справа тут не толькі ў знаходжанні лідара гэтай структуры Алеся Бяляцкага ў няволі.
Адзнака – “9,5”.