Сябра "шпіёна" Гайдукова зноў дапыталі ў КДБ
Актывіст аргкамітэта па стварэнні БХД Ілля Багданаў з канца снежня мінулага году з'яўляецца другім падазраваным у крымінальнай справе за "здраду дзяржаве", распачатай супраць яшчэ аднаго наваполацкага актывіста Андрэя Гайдукова. Следчы Алег Барысевіч вырашыў, што паказанні хлопцаў разыходзяцца, і вырашыў дапытаць іх падчас вочнай стаўкі.
Верагодна, вочная стаўка адбудзецца ў мінскім СІЗА КДБ 15 студзеня, паведаміў Ілля Багданаў пасля чарговага допыту ў віцебскай управе КДБ. Іншых дэталяў актывіст расказваць не можа, бо даў падпіску аб неразгалошванні. Разам з ім на допыце прысутнічаў адвакат, але называць ягонае прозвішча Багданаў пакуль лічыць немэтазгодным.
Допыт працягваўся каля трох гадзінаў, і хлопца адпусцілі – ніякіх мераў стрымання супраць яго не ўжыта. Тым не менш, затрыманы 8 лістапада ў Віцебску "падчас закладкі тайніка" Гайдукоў знаходзіцца ў менскім СІЗА КДБ. Яго трымаюць пад вартай ужо два месяцы, мяняючы месцы ўтрымання: спачатку хлопца адвезлі ў менскі СІЗА КДБ, потым праз месяц перавялі ў віцебскі СІЗА, а напрыканцы мінулага году зноў перавезлі ў Менск.
Сваякі і знаёмыя Гайдукова турбуюцца за ягоны лёс, бо ў апошніх лістах дадому хлопец пісаў пра "грандыёзныя фальсіфікацыі". Родныя і сябры лічыць абвінавачанне ў шпіянажы абсурдным і звязваюць ціск з боку КДБ з грамадскай дзейнасцю Андрэя Гайдукова: яго некалькі разоў затрымлівалі падчас "маўклівых акцый пратэсту", і "людзі ў цывільным" пагражалі яму "непрыемнасьцямі" за апазіцыйныя палітычныя погляды. Апошнія некалькі дзён перад затрыманнем ён рыхтаваў дакументы для рэгістрацыі наваполацкай суполкі "Саюз маладых інтэлектуалаў".