Магілёўскі КДБ не жадае разбірацца ў справе правядзення “Славянскага марша”
Рашэнне пра дазвол праводзіць “Славянскі марш” - не наша кампетэнцыя. Такі адказ атрымаў намеснік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) Ігар Барысаў ад намесніка начальніка УКДБ па Магілёўскай вобласці спадара Савенкі.
Чыноўнік з КДБ адзначыў, што паводле артыкула 10 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб” скарга партыйнага актывіста накіравана ў Магілёўскі аблвыканкам.
Тым часам праваабаронца Барыс Бухель выказвае меркаванне, што ў дадзеным выпадку справа правядзення “Славянскага марша” мусіць быць пад пільнай увагай спецслужбаў.
“Не сакрэт, што Дзенісенка і кампанія, якія ўдзельнічалі ў “Славянскім маршы”, стаяць на прарасійскіх пазіцыях і выступаюць за яднанне славян – беларусаў, украінцаў і рускіх. Гэта ёсць небяспека для цэласнасці нашай дзяржавы. Тут яны праявілі некампетэнтнасць, бо КДБ у першаю чаргу павінен бараніць незалежнасць нашай краіны, - гаворыць Барыс Бухель. – У той жа час у дачыненні да некаторых актывістаў дэмакратычнага руху КДБ ужывае артыкул 193-1 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь “Незаконная арганізацыя дзейнасці грамадскіх аб’яднанняў, рэлігійных арганізацый ці фондаў альбо ўдзел у іх дзейнасці”. Па-першае, гэты артыкул супярэчыць Канстытуцыі, а па-другое, заканадаўствам забаронена, у прыватнасці артыкулам 182 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса, карыстацца ім супрацоўнікам КДБ. Атрымліваецца, што куды трэба спецслужбы не лезуць, а там, дзе не трэба, яны праяўляюць ініцыятыву”.
Нагадаем, што пасля правядзення ў Магілёве “Славянскага марша” Ігар Барысаў накіраваў шэраг скаргаў у КДБ, міліцыю, гарвыканкам і Адміністрацыю прэзідэнта. Ён прасіў пакараць магілёўскага ідэолага Мікалая Міхаленю за тое, што той праявіў некампетэнтнасць, дазволіўшы акцыю правых рускіх нацыяналістаў. Усе дзяржінстанцыі ў сваіх адказах на скаргу Барысава не знайшлі прычынаў, каб пакараць чыноўніка.
Тым часам на арганізатара “Славянскага марша” Дзмітрыя Дзенісенку міліцыя завяла адміністратыўную справу, бо на акцыі прысутнічалі непаўнагадовыя асобы і асобы, які хавалі свае твары маскамі і хусткамі. Суд над ім адбудзецца 11 студзеня.