Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў заступілася за Віктара Сазонава, Уладзіміра Хільмановіча і Рамана Юргеля
Тэрміновы зварот
BLR 001 / 0113 / OBS 004
Адміністратыўны пераслед / Штрафы
Беларусь
9 студзеня 2013 г.
Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў, сумесная праграма Міжнароднай Федэрацыі
за правы чалавека (FIDH) і Сусветнай арганізацыі супраць катаванняў (OMCT), просіць вашага
неадкладнага ўмяшальніцтва ў наступную сітуацыю ў Беларусі.
Апісанне
становішча:
Абсерваторыя
атрымала звесткі з надзейных крыніц аб накладанні штрафаў на спадароў Рамана
Юргеля (сябра Беларускага Хельсінскага Камітэта), Віктара Сазонава і Уладзіміра Хільмановіча, сяброў
Праваабарончага Цэнтра "Вясна".
Згодна з атрыманымі звесткамі, 5 студзеня 2013 года спадары Раман Юргель,
Віктар Сазонаў і Уладзімір Хільмановіч былі аштрафаваныя на агульную суму ў 4,5
мільёнаў беларускіх рублёў (па 1,5 мільёны кожны) судом Ленінскага раёна Гродна паводле артыкула
23.34 Кодэкса аб адміністратыўных правапарушэннях, які прадугледжвае пакаранне за парушэнне правілаў "арганізацыі або
правядзення масавай акцыі або дэманстрацыі".
Тры праваабаронцы атрымалі абвінавачванні пасля таго, як сфатаграфаваліся 10
снежня 2012 года ў Гродна з партрэтамі арыштаванага праваабаронцы Алеся Бяляцкага і брашурамі з тэкстам Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека. Міліцыя
прад'явіла ім абвінавачванні 18 снежня 2012 года, пасля таго як акцыя 10 снежня
была разгледжаная як "несанкцыянаванае масавае мерапрыемства". Тэксты
абвінавачвання, у якіх былі апісаныя нібыта здзейсненыя адміністратыўныя
правапарушэнні, былі прад'яўленыя абвінавачваным 19 снежня 2012 года. Пазней
тры справы былі аб'яднаныя ў адну, слуханні былі прызначаныя ў судзе Ленінскага раёна на
5 студзеня 2013 года.
Суд доўжыўся дзве з паловай гадзіны. Падчас працэса не было прадстаўлена ніякіх
сведкаў і доказаў і ўсе абвінавачванні засноўваліся выключна на дапушчэннях і рапартах
афіцэраў міліцыі. Суддзя Віталь Лецка не
абвесціў ніводнага перапынку за дзве з паловай гадзіны суда перад вынясеннем пастановы.
Запрошваемыя дзеянні:
Калі ласка, напішыце беларускім уладам, заклікаючы іх:
і. гарантаваць у любых абставінах фізічную і псіхалагічную недатыкальнасць
спадароў Рамана Юргеля, Віктара Сазонава і Уладзіміра Хільмановіча, як і ўсіх
праваабаронцаў Беларусі;
іі. пакласці канец любым відам пераследу – у тым ліку на судовым і
адміністратыўным узроўнях – супраць спадароў Рамана Юргеля, Віктара Сазонава і
Уладзіміра Хільмановіча, а таксама супраць усіх іншых праваабаронцаў у
Беларусі;
ііі. прытрымлівацца прадпісанняў Дэкларацыі ААН аб Праваабаронцах, прынятай
Генеральнай Асамблеяй ААН 9 снежня 1998 года, асабліва:
- Артыкула 1, у якім заяўляецца, што "кожны мае права, як адзінаасобна так
і ў аб'яднанні з іншымі, заахвочваць і займацца абаронай і здзяйсненнем правоў
чалавека й асноўных свабод на дзяржаўным і міжнародным узроўнях",
- Артыкула 6 (б) і (в), дзе заяўляецца, што "Кожны мае права, як
адзінаасобна, так і ў аб'яднанні з іншымі […], як прадпісваецца ў
праваабарончых ды іншых датычных міжнародных механізмах, свабодна абвяшчаць,
дзяліцца й распаўсюджваць свае погляды, звесткі, складаць і мець меркаванні аб
захаванні ўсіх правоў чалавека й асноўных свабод, як у законе, так і на
практыцы, і прыцягваць грамадскую ўвагу
да гэтых пытанняў з дапамогай гэтых і іншых адпаведных сродкаў";
- і Артыкула 12.2, паводле якога "дзяржава павінна прымаць усе неабходныя
меры дзеля забеспячэння абароны кампетэнтнымі органамі кожнага, як адзінаасобна
так і ў аб'яднанні з іншымі, ад якога-кольвек гвалту, пагроз, помсты, фактычнай
і юрыдычнай дыскрымінацыі, уціску або любых іншых адвольных дзеянняў у якасці
наступства за законнае карыстанне правамі, выкладзенымі ў дадзенай
Дэкларацыі";
iv. Забяспечыць у любых
абставінах выкананне правоў чалавека і асноўных свабод у адпаведнасці з
міжнароднымі праваабарончымі нормамі і міжнароднымі механізмамі, ратыфікаванымі
Рэспублікай Беларусь.
Парыж-Жэнева, 9 студзеня 2013 г.