Ігар Аліневіч пазваніў дамоў за некалькі гадзін да Новага году
Палітвязень, актывіст анархісцкага руху Ігар Аліневіч змог патэлефанаваць дамоў і павіншаваць сваякоў з Новым годам літаральна за некалькі гадзін да надыходу 2013 года.
Бацька палітвязьня Ўладзімер Аліневіч: «31-га сыну дазволілі званок, недзе пасьля абеду. Сказаў, што здаровы, усё ідзе па-старому. Шмат чытае. На Новы год, сказаў, вып’юць гарбаты. Раней пісаў, што самым запамінальным быў Новы год у СІЗА КДБ. Тады сабраліся за сталом усёй камэрай, нават пасьпявалі песьні. Але тое было ў СІЗА КДБ, а тут, у калёніі, свой рэжым».
Ігар Аліневіч адбывае пакараньне ў наваполацкай калёніі. Паведамлялася, што ў вязьняў калёніі ў зімовы час пачаліся цяжкасьці зь цёплым адзеньнем: надзяваць пад турэмную вопратку швэдры ды іншыя цёплыя рэчы забаронена, а звычайнай турэмнай вопраткі не хапае, каб уратавацца ад холаду. Ці што зьмянілася? Уладзімер Аліневіч сказаў, што сын «апрануты зараз нармальна, скаргаў ад яго не было».
Ігар Аліневіч пакараны 8 гадамі зьняволеньня за ўдзел у нападах на афіцыйныя будынкі, што ён адмаўляе.