viasna on patreon

Адвакату Ігару Рынкевічу не працягнулі даверанасьць на абарону Аляксандра Казуліна

2007 2007-02-19T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

16 лютага Ігар Рынкевіч сустракаўся ў віцебскай калёніі “Віцьба-3” з Аляксандрам Казуліным. Сп.Рынкевіч зьбіраўся працягнуць даверанасьць, якую раней яму выдаў Аляксандр Казулін, але адміністрацыя калоніі адмовілася засьведчыць подпіс вязьня пад гэтым дакументам.

“Мне сказалі, што гэта нібыта парушае закон і не адпавядае дзяржаўным інтарэсам. Гэта яўнае парушэньня грамадзянскіх правоў Аляксандра Казуліна і маіх правоў як ягонага прадстаўніка. Мы гэтае рашэньне абавязкова абскардзім”, -- заявіў Радыё Свабодзе Ігар Рынкевіч. Ён зьвярнуўся пісьмова да начальніка калоніі Віталя Агнісьцікава з просьбай патлумачыць адмову выдачы даверанасьці.

Разам з тым Ігар Рынкевіч патлумачыў, што застаецца адвакатам Аляксандра Казуліна і ўпаўнаважаны далей абараняць свайго падабароннага ў зносінах з праваахоўнымі органамі, а адмова даверанасьці тычыцца права прадстаўляць інтарэсы падабароннага ў зносінах з партыямі, дзяржаўнымі і грамадзкімі арганізацыямі, асобнымі грамадзянамі.

Па зьвестках Радыё Рацыя,15 лютага прэзідыум Менскай абласной калегіі адвакатаў вынес сп.Рынкевічу другое за перыяд абароны Аляксандра Казуліна спагнаньне — „за парушэньне працоўнай дысцыпліны”, якое яны расцанілі як палітычны ўціск.

"У трэці раз, — адзначыў сп. Рынкевіч, — мне могуць аб’явіць вымову і пазбавіць адвакацкай ліцэнзіі".

Ігар Рынкевіч патлумачыў таксама, чаму Казулін не зьвярнуўся ў Вярхоўны суд з прозьбаю аб умоўна-датэрміновым вызваленьні: "Аляксандар Казулін лічыць, што размова можа ісьці толькі аб адмене прысуду, спыненьні справы і вызваленьні. У хуткім часе адпаведная скарга ў парадку нагляду будзе пададзеная на імя старшыні Вярхоўнага суду Валянціна Сукалы."

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства